Музыка і літаратура, гісторыя і мары пра будучыню – гэта творчыя сустрэчы з нашымі сябрамі

9 лістапада на сустрэчу з удзельнікамі культурніцкага праекта "Рэзананс" завітаў бард, перакладчык і вельмі абаяльны музыка Алесь Камоцкі. Клуб “Рэзананс” існуе ўжо 18 гадоў і праводзіць свае мерапрыемствы на розных мінскіх пляцоўках. Гэтым разам усё адбывалася ў бібліятэцы імя Пушкіна. Канцэрт быў зладжаны ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” пры падтрымцы грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Гучалі розныя песні: і ўласныя, і пераклады. Музыка перамяжоўвалася цікавымі гісторыямі з жыцця, жартамі, сур’ёзнымі разважаннямі пра сучасны стан паэзіі і беларускай літаратуры ўвогуле. Слухачы былі настолькі ўражаныя творчасцю спадара Алеся, што запрасілі яго завітаць да іх яшчэ.

13 лістапада ў мінскім рэпетытарскім цэнтры “Веснушки” з падтрымкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў” прайшла сустрэча з аўтарам беларускага фэнтэзі для падлеткаў Аляксеем Шэйнам.

Школьнікі 5-7 класаў змаглі паслухаць расповед пра жанр фэнтэзі, яго ўзнікненне і развіццё, а таксама пазнаёміцца з творамі беларускіх аўтараў, напісанымі ў гэтым жанры. Адбылася і невялічкая віктарына на тэму беларускай мовы і літаратуры – пераможцы атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

16 лістапада ў бібліятэцы №2 пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Cаюза беларускіх пісьменнікаў адбылася прэзентацыя рамана Яўгена Зубовіча “Беларускі палкоўнік”. Кніга прысвечаная драматычным падзеям XVII стагоддзя. Галоўны герой рамана – магілёўскі шляхціц Канстанцін Паклонскі. Падчас прэзентацыі гледачы не толькі пазнаёміліся з аўтарам, але і пабачылі тэатральныя эцюды па матывах “Беларускага палкоўніка”, пачулі гучанне старажытных музычных інструментаў, прынялі ўдзел у гістарычнай віктарыне (пераможца атрымаў галоўны прыз – кнігу “Беларускі палкоўнік” з аўтографам), самыя актыўныя ўдзельнікі віктарыны таксама атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – камплекты паштовак “Не маўчы па-беларуску” і зручныя торбачкі.

Гэтым жа днём на сустрэчу з паэтам Міхасём Скоблам і спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай у Цэнтральную дзіцячую бібліятэку г. Мінска прыйшлі навучэнцы Дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання. На пачатку свайго выступу паэт звярнуў увагу слухачоў, што “сам будынак бібліятэкі, прасторнай і светлай, – як паказчык запатрабаванасці вашых будучых прафесій. Абышоўшы вакол яго, я налічыў ажно 18 шыльдаў: “Цырульня”, “Таверна”, “Белбізнесбанк”… І гэта зарука таго, што вы не застаняцеся беспрацоўнымі! Але мала стаць добрым спецыялістам, неабходна ў любой прафесіі быць беларусам, і тады справы ў вашай рэстарацыі ці вашым банку адразу пойдуць на лад”, – заахвоціў выступоўца і як прыклад паспяховага банкіра назваў дырэктара Белгазпрамбанка Віктара Бабарыку, які ўмее не толькі лічыць грошы, але і набывае для айчынных музеяў на замежных аўкцыёнах творы беларускіх мастакоў. Спадар Міхась зладзіў міні-конкурс на лепшае веданне беларускай гісторыі, які “ілюстраваў” сваімі вершамі. Пераможцы атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Будучыя кухары, банкіры і цырульнікі з задавальненнем слухалі беларускія рамансы ў выкананні спадарыні Таццяны, а пасля сустрэчы рабілі з ёй сэлфі.

Творчы дуэт Таццяны Грыневіч-Матафонавай і Міхася Скоблы рады сустракацца з аматарамі мастацтваў не толькі ў буднія дні. Так у нядзелю, 18 лістапада ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і пры падтрымцы ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” яны выступалі ў Рэспубліканскім дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры ў Астрашыцкім Гарадку.

Сёлета спаўнілася 400 гадоў першаму ў свеце Буквару, які з’явіўся на свет у Вялікім Княстве Літоўскім, дзякуючы праваслаўным манахам-братчыкам, а 50 гадоў таму выйшла ў свет першае выданне Буквара Анатоля Клышкі. Таму сустрэчу прысвяцілі гэтым двум датам.

Па словах М. Скоблы, Клышкаў Буквар – самая тыражная беларуская кніга ў свеце: “Я так прыкінуў: яго агульны наклад у 2018 годзе перавысіў 2 мільёны асобнікаў!”. Паэт чытаў новыя вершы-хуткамоўкі, загадваў вершаваныя загадкі, правёў бліц-конкурс на лепшае веданне беларускіх песняў. А паколькі вучні ведалі іх не вельмі шмат, спадарыня Таццяна тут жа прадэманстравала найлепшыя з іх у сваім непаўторным выкананні. На сустрэчы прысутнічала каля 120 школьнікаў і 8 педагогаў. Найбольш актыўныя з іх атрымалі памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

 

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!