"Мы ганарымся вамі!": заява Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны


Нацыянальны саюз пісьменнікаў Украіны глыбока занепакоены падзеямі, звязанымі з нядаўнімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

На вялікі жаль, канстытуцыйнае права беларускага народа на свабодны выбар прадстаўнічых органаў, у тым ліку Прэзідэнта, дэмакратычным прававым спосабам, у чарговы раз было зняважанае цяперашняй уладай на чале з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта сведчаць арышты беларускіх палітычных актывістаў з мэтай ачысціць выбарчае поле для адзінага кіраўніка, адкрыты і жорсткі ціск на магчымых рэальных кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Пасля выбараў, якія прайшлі пад дыктатам уладаў, з відавочнымі і істотнымі парушэннямі працэсу падліку галасоў, сусветная супольнасць стала сведкай цынічнага самаўпраўства і вакханаліі жорсткіх расправаў з боку сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў, якія спрабуюць рэалізаваць сваё законнае права на абарону грамадзянскіх правоў.

Дарагія сябры!

Мы, украінскія пісьменнікі, ганарымся вамі, вашай мужнасцю, непахіснасцю і верай у перамогу Дабра. Мы ўпэўненыя, што ў гэты драматычны для беларускага народа час вы пераадолееце зло і пераможаце!

Вы, безумоўна, пераможаце, бо з вамі ваша самабытная і багатая культура, якой можа ганарыцца любы еўрапейскі народ. З вамі ваша слаўная гістарычная спадчына.

З вамі — цудоўная мова тытанаў вашага нацыянальнага адраджэння, Францыска Скарыны, Янкі Купалы і Максіма Багдановіча.
З вамі — праўда!

Мы, украінскія пісьменнікі, выказваем падтрымку беларускаму народу, які адстойвае сваю свабоду, годнасць і права жыць у дэмакратычнай прававой дзяржаве, і патрабуем ад беларускіх уладаў спынення рэпрэсій і прызнання права народа на выбар сваёй будучыні.

Жыве Беларусь!


Літаратурная Украіна