На Дзятлаўшчыне адбылося свята беларускай паэзіі


У суботу, 28 жніўня, у вёсцы Зачэпічы на Дзятлаўшчыне адбылося Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі, паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя». Пятае па ліку свята паэзіі паклікала да сябе творчых людзей з Гародні, Ліды, Слоніма і Наваградка.

Каля мемарыяльнага знака тром зачэпіцкім паэтам, як гэта было ў мінулыя гады, урачыстасць не адбылася з-за праліўнога дажджу. Таму ўсе ўдзельнікі мерапрыемства наведалі мясцовыя могілкі, дзе пахаваны Гарасім Прамень і Пятрусь Граніт і ўсклалі кветкі на іх магілы, а таксама сфатаграфаваліся на памяць на вуліцы Петруся Граніта ў Зачэпічах. А потым свята працягвалася ў Жукоўшчынскім сельскім клубе.

IMG_4949-741x1024.jpg

Са сцэны мясцовага клуба гучалі вершы і выступленні пісьменнікаў Валянціна Дубатоўкі, Алы Петрушкевіч, Святланы Абдулаевай, Святланы Адамовіч, Міколы Канановіча, Станіслава Судніка, Анатоля Брусевіча, Янкі Трацяка, Алены Абрамчык, Раісы Лакізы, Сяргея Чыгрына, Міхася Зізюка, Мечыслава Курыловіча, Галіны Самойлы і іншых удзельнікаў паэтычнага свята.

Алесь Хітрун з Ліды распавёў пра цікавыя знаходкі пра паэтаў Дзятлаўшчыны Васіля Струменя і Петруся Граніта. А Сяргей Чыгрын прэзентаваў першы выпуск дзятлаўскага літаратурнага альманаха «Ятранка».

Падчас Гарадзенскага свята беларускай паэзіі кіраўнікі Гарадзенскага Саюза беларускіх пісьменнікаў Янка Трацяк і Валянцін Дубатоўка, а таксама пісьменнік Сяргей Чыгрын уручылі літаратурную прэмію імя Анатоля Іверса Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валерыю Петрыкевічу — дзятлаўскаму краязнаўцу і грамадскаму актывісту. Прэмія Валерыю Петрыкевічу была ўручана за актыўную прапаганду твораў беларускіх пісьменнікаў і за ўшанаванне пісьменнікаў-землякоў на дзятлаўскай зямлі.

IMG_4955-800x400.jpg

Свята аздаблялі песнямі фальклорная група з Дзятлава «Ятранка», барды Сяргей Чарняк з Ліды і Міхась Зізюк з Наваградка.




Беларускае Радыё Рацыя