Навіны

Пісьменнік Адам Глобус не стамляецца правакаваць. Нават і ў гэтым інтэрв'ю. «Дзве душы» — вось формула беларуса, — сцвярджае ён. А Зносак — такі ж архетып беларуса, як Дон-Кіхот — іспанца. У раі нам дазволяць рабіць усе смяротныя грахі: зайздросціць, блудзіць і жэрці, колькі ўлезе. Інакш навошта нам рай? І Глобус скептычны адносна палітыкі. Каго цікавіць, хто кіраваў Галандыяй пры жыцці Ван Гога, кажа ён.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца зноў не абышлася без Адама Глобуса. Сёлета пісьменнік і мастак увайшоў у лік намінантаў з кнігай партрэтаў «Рысы». Карыстаемся нагодай і распытваем вядомага правакатара пра пакрыўджаных сучаснікаў, успрыманне эротыкі і ці гатовыя беларусы да перамен.

— Некалі кніга ў падобным да «Рысаў» фармаце — збор партрэтаў «СУчаснікі» — пакрыўдзіла вашых калег, з-за яе вы нават не былі прынятыя ў Саюз мастакоў. Ці павінны быць у аўтара твора мастацтва маральныя абмежаванні?

— Калі ўсе нармальныя людзі нясуць праўду, то беларусы — крыўду, гэта наша асноўнае пачуццё, у нас крыўда на ўсіх. Таму беларускі пісьменнік абавязаны крыўдзіць — не абражаць, а крыўдзіць. Менавіта пра такіх сУчаснікаў Купала напісаў «Тутэйшых», я рады, што ў Купалаўскім зноў рыхтуецца іх прэм’ера, зноў Зносак актуальны.

— На жаль, актуальны.

— Чаму на жаль? Зносак нармальны беларус. Вось іспанец — гэта Дон Кіхот, рускі — князь Мышкін, а беларус — Зносак, прыстасаванец, якому ўсё роўна, быць рускім ці палякам. Цяпер па ўсім свеце беларусы выйшлі са сцяжкамі — заўтра яны іх згорнуць і зноў стануць хто амерыканцам, хто французам, хто «меджду протчым» рускім, гэтае хамелеонства для беларуса арганічнае.

«СУчаснікі» выклікалі эфект выбуху ў балоце — бомба ўзарвалася і ўсіх заляпала, але «Рысы» распавядаюць пра станоўчых герояў, а стварыць станоўчы вобраз складана, бо ёсць рызыка, што ён будзе вялы, прадказальны і прэсны. Калі пішаш «парадныя» партрэты, кніжка, вядома, не такая эфектная, як выбух у балоце. Зрэшты, цяпер у мяне ёсць карыкатурны праект «Мразі» — ну, можа, «Мразямі» я яго не буду называць, хай будуць «Шаржы».

gl.jpg

— Хто вашы героі ў «Рысах»?

— Я пішу пра творчых людзей. Змаганне за ўладу — не маё, не бачу там герояў. Калі я працаваў над «Сусветнай гісторыяй» у 24 тамах, якая вытрымала восем накладаў, прапанаваў скараціць факты пра войны і дадаць культуры, навукі, цывілізацыйных адкрыццяў, карацей, менш фюрараў і дыктатараў — больш культурных дзеячаў. Мы павінны вывучаць не гісторыю вайны, бо гэта бесперспектыўна, і не Гітлера са Сталіным, бо гэта дэгенераты. Каго цікавіць, хто кіраваў Галандыяй пры жыцці Ван Гога? Калі палітычная задуха становіцца невыноснай, я стараюся думаць пра мастакоў.

— У адным са сваіх пастоў у «Фэйсбуку» вы напісалі, што «многія мастакі і пісьменнікі вас не любяць і робяць розную дрэнь». Як вы думаеце чаму?

— Зайздрасць, яна непазбыўная, бо сем смяротных грахоў выбудаваны так, што, калі ты не ўчыняеш шэсць, абавязкова ўчыняеш сёмы, мы заўсёды будзем грэшныя, тым больш грахі, асабліва смяротныя, — гэта вельмі прыемна. Думаю, у раі нам дазволяць рабіць усе смяротныя грахі: зайздросціць, блудзіць і жэрці, колькі ўлезе. Інакш навошта нам рай?

— Можа, тая нелюбоў справакаваная нечым кшталту «СУчаснікаў»?

— Я займаўся спортам, таму ведаю: каб ударыць мацней, трэба ўдарыць, калі на цябе ідуць, — менш сілы, а эфект большы. Я ніколі не пачынаю першым, чакаю, калі нападуць і падстаўляю кулак — і чалавек разбіваецца. Вось нехта да мяне прыходзіць і пад сакрэтам расказвае пра іншага чалавека, якая ён сволач. Мне застаецца дачакацца, калі тая сволач што-небудзь на мяне гаўкне, і раз — паказаць гісторыю.

gl2.jpg

Калі б Дантэ загнаў у пекла Гамера і ўсю школьную праграму, хто б чытаў яго «Боскую камедыю»? Ён зразумеў, што трэба панасоўваць туды сУчаснікаў, праўда, у сУчаснікаў заўсёды цяжкая рэакцыя, таму Дантэ і выгналі, як выгналі Джойса, калі ён напісаў «Дублінцаў». Каб выказацца пра такіх сУчаснікаў, патрэбна мужнасць. Алексіевіч лічыць, што з людзьмі так нельга паступаць, так мне і сказала: «Я чытаю ваш «Фэйсбук» — так пра людзей пісаць нельга».

— Дарэчы, вы лічыце, што беларускі пісьменнік мусіць пісаць на беларускай мове: калі грамадства спрэс расійскамоўнае, чаму да пісьменніка асаблівае патрабаванне?

— Бо ён ідзе крыху наперадзе. У часы Пушкіна эліта размаўляла па-французску, а тыя, хто размаўляў па-руску, не чыталі. І нашто было Пушкіну пісаць па-руску? Значыць, у нас ёсць місія: беларускі пісьменнік — крыху больш, чым аўтар, які забаўляе публіку, яго кніжка выконвае нацыястваральную, дзяржавастваральную і маралестваральную функцыі.

— Хто-ніхто з пісьменнікаў скардзіцца, што беларуская літаратурная суполка прымае яго як аўтсайдара. Ці ёсць у нас увогуле літаратурная суполка і ці адчуваеце вы сябе яе часткай?

— Уявіце, мне шэсць гадоў, я выходжу з пад’езда і бачу старога чалавека ва ўсім новым. Мяне гэта дзівіць, бо мы ўсе жывём бедна, новыя боты альбо падораная маме паэтэсай Дусяй Лось шаль — цэлая падзея ва ўсім доме, і тады бацька кажа, што гэта Язэп Пушча, які вярнуўся з лагераў і па дарозе купіў адразу ўсю патрэбную адзежу. Я ведаў Язэпа Пушчу, жыў у адным пад’ездзе з Караткевічам, Стральцовым, Віткам, Навуменкам, Гілевічам, мой бацька — пісьменнік, маці працавала ў бібліятэцы, прадмову да маёй першай кнігі напісалі Караткевіч і Стральцоў — ясна, што я не проста частка, а працяг гэтай супольнасці.

Ведаеце, калі некага забіваюць, ахвяра ў нейкай ступені таксама вінаватая: той, хто адчувае сябе аўтсайдарам, сам вінаваты, што яго не любяць, і калі ён думае, што будзе крышыць на суполку батоны, а мы скажам, маўляў, мы ўсе наконт цябе памыляліся, дык не — ён проста нікчэмнасць і дрэнь. Гэта ў нас традыцыя: пісьменнікі, якіх недалюбілі і недатрахалі.

gl3.jpg

— Вы казалі, што сапраўдны літаратар мусіць рыхтавацца не да атрымання Нобеля, а да адмаўлення ад Нобелеўскай прэміі. Калі атрымаеце Гедройца, адмовіцеся?

— Аддам грошы на рамонт ПЭН-Цэнтра, дзе мая літаратурная школа, — трэба там столь пабяліць і шмат чаго зрабіць, дзякуй Богу, у нас цяпер добрая старшыня [Святлана Алексіевіч. — Аўт.].

— Вы вядомы як першапраходзец у беларускай эратычнай літаратуры. Як наша грамадства ўспрымае эротыку і ці гатова яно гаварыць пра сэкс?

— Я неяк пачуў, што кожная чацвёртая думка ў чалавека — рэлігійная, і вырашыў, што тры астатнія — гэта навуковая рацыянальная думка, мастакоўская і, нарэшце, эратычная. Адпаведна, мне ўсё адно, ёсць у Савецкім Саюзе сэкс ці няма: кожная чацвёртая думка ў чалавека ўсё роўна будзе эратычнай, закладзенай на працяг роду, пошук партнёра, каханне і цяпло. Да таго ж мастаку можна ўсё: Цапкала альбо чалавек, падобны да Цапкалы, з двума голымі жанчынамі ўсіх абурае, а Глобус з пяццю голымі жанчынамі ў майстэрні — гэта нармальна, хоць шэсць.

— А наколькі свабодна з эротыкай на нашых выставачных пляцоўках?

— Калі ты абвяшчаеш выставу на адзін дзень і абяцаеш паставіць ахову, каб на яе не пусцілі дзяцей, — ёсць надзея, што праскочыш, і міліцыянер не прыйдзе і не згасіць рубільнікам святло. Я развешваў выставу — прыходзяць і кажуць: «Ё-маё, можна мы гэта пакуль завесім?» — нават дэмакратычная галерэя «Ў» пазавешвала палову маіх прац.

gl4.jpg

— Раскажыце пра свой досвед сутыкнення з цэнзурай.

— Я, напэўна, больш за ўсіх сустракаўся з цэнзурай. Ёсць нават такі часопіс «Index on Censorship», што друкуе забароненых на радзіме пісьменнікаў, — там публікавалі мае работы, і я гэтым ганаруся. У нас шмат расказваюць, як каго забаранялі, а папросіш паказаць забароненую кніжку: «Ну, гэта во, ну…» — і ні ў кога няма. Можна паглядзець, якія Ленінскія прэміі і прэміі Ленінскага камсамола атрымлівалі пісьменнікі, якія казалі, што іх быццам забаранялі. А я тым часам магу ўзяць з палічкі асобнік і расказаць, як савецкая цэнзура знішчыла ўвесь наклад маёй кнігі «Груд». Я думаў, што ніколі яе не знайду, а аднойчы звоніць мне Скобла і кажа: «Тут памёр адзін палкоўнік КДБ, яго сын распрадае бібліятэку і там ёсць твой «Груд» — аддасць за пяць даляраў».

Мы прыйшлі да сына гэтага палкоўніка, шукалі-шукалі і не маглі кніжку знайсці, а потым аказалася, у бібліятэцы ёсць асобная паліца забароненай літаратуры — там стаяў мой «Груд», сшыты як сшываюць крымінальныя справы, з цэнзурнымі пазнакамі пра містыцызм, богашукальніцтва і апалітычнасць. Тое сутыкненне ў Саюзе мастакоў наконт «СУчаснікаў» — таксама цэнзура, бо як да мастака да мяне прэтэнзій не было.

— Ваш комікс «Дзікае паляванне» выдаваўся чатыры разы. У мінулым годзе госць «Лістапада» Кшыштаф Занусі ў адным з інтэрв’ю паблажліва сказаў, што «комікс — гэта прымітыўны сродак камунікацыі з аўдыторыяй». Што вы на гэта скажаце?

— Мы ведаем польскую пыху, Занусі паблажліва выказваўся і пра беларускае кіно, маўляў, польскі ці рускі кінематограф ёсць, а беларускага не існуе. Калі так разглядаць, ёсць толькі амерыканскі кінематограф, і Занусі там няма, гэта трэцеразрадны рэжысёр. Комікс — не проста кніжачка для дзяцей, што таксама было б цудоўна, а ўнікальная з’ява, што спалучае малюнак, тэкст, колер. Наогул, адмаўляць нейкі жанр — дурасць. Тым больш, кіно і ёсць сфатаграфаваны комікс, калі так паглядзець, спачатку быў комікс і толькі потым — кіно. У раскадроўцы геніяльнага рэжысёра Эйзенштэйна альбо якога-небудзь Грынуэя ты бачыш, як прамаляваны кожны кадр, што пасля ўвасоблены на экране.

— На фоне апошніх падзей у краіне, на ваш погляд, беларусы гатовыя да перамен?

— Дакладна не гатовы, ні вярхі, ні нізы, ні сярэдзіна — ніхто. Быццам бы ўсе разумеюць, у тым ліку ўлада, што ў старой так званай эліты ўсё менш сіл на кіраванне дзяржавай, але і новая эліта нічога не прапанавала. У мяне ўвесь час пытаюцца, ці будуць страляць, і я задумваюся пра ўкраінскую Нябесную сотню.

У нас ёсць помнік Курлоўскаму расстрэлу 1905 года, калі ў Мінску расстралялі мірную дэманстрацыю з дваццаці тысяч чалавек — якраз сто чалавек загінула, у нас ёсць свая Нябесная сотня, пра якую мы забылі.

Калі гаворыш, што на адной са станцый метро ў Мінску ёсць прысвечаны ёй помнік, усе пытаюцца, а на якой станцыі, ты кажаш, што на «Плошчы Леніна», тады пытаюцца, а дзе там помнік, — і калі гаворыш, што трэба падняцца па лесвіцы ў бок вакзала і перад тым, як павярнуць налева, каб выйсці ў танэль, на сцяне ёсць мемарыяльны знак, пытаюцца: «Што, праўда, ён там ёсць?» Мы вельмі лёгка забываем, а да ветру перамен трэба рыхтавацца. Калі на мітынгі выходзяць з дзецьмі і сабакамі, значыць, людзі нават не пачыталі ў інтэрнэце, як хадзіць на мітынг, каб было як мага менш ахвяр.

Калі хочаш змагацца — выходзь і змагайся, толькі спачатку схадзі на «Плошчу Леніна» і паглядзі на помнік.

gl5.jpg

— У вас вялікі досвед удзелу ў пратэстах?

— Канешне, з 1988 да 2015 года, я ведаю, як апранацца, як хадзіць, як уцякаць, дзе лепш быць наперадзе, а дзе — у канцы. Ведаю, што трэба быць зашпіленым на ўсе гузікі і не разявацца, каб цябе, проста з-за таго, што ты разяваты, не зацягнулі ў аўтазак. Калі ідзеш пратэставаць, ты павінен быць падрыхтаваны і маральна, і фізічна. Вы ж бачыце, як рыхтуецца супрацьлеглы бок, — а мы выходзім проста так і здзіўляемся, што нам далі дубінай па галаве. Дзяржава — вельмі сур’ёзная арганізацыя, з ёй нельга абыходзіцца жартам і па прыколе, гэта не тая субстанцыя, якая разумее гумар, іронію ці самаіронію.

— Мы пачыналі са Зносака — якімі яшчэ якасцямі адрозніваюцца беларусы?

— Мне смешныя беларусы, што лічаць сябе ліцвінамі, гуманоідамі, савецкімі людзьмі, смешна, што ў іх таксама ёсць цяга да велічы. Чытаеш у Хемінгуэя: «Амерыканец едзе ў цягніку і бачыць Парыж», — і думаеш, ці можна тое самае напісаць пра беларуса, і разумееш, што амерыканец можа ехаць у цягніку і бачыць Парыж, а з беларусам гэта неяк непераканаўча, калі толькі гэта не беларус, што закасіў пад амерыканца. Мяне здзіўляла, калі мае аднакурснікі прыехалі з Парыжа і адзін перад адным расказвалі: «Вось Паўлоўскі ўжо чысты француз». Я кажу: «Гена, а ты?» — «Ну, я само сабой, але я, ведаеш, крышку з Мадагаскара». Я падумаў, толькі беларус можа так закруціць: адзін стаў парыжскім французам за пятнаццаць гадоў, а другі за пяць, затое ўжо з Мадагаскара. Да таго ж, беларусы любяць быць другімі, як наш Андрэй Грамыка, што лічыўся кіраўніком Савецкага Саюза, але ўсё роўна заставаўся нейкім другім.

Беларусу так утульна: у Кіеве ў яго старэйшы брат — украінец, у Варшаве ён зноў другі, у Вільні — ясна, што палякаў больш, але беларус іх адсуне і ўсё роўна стане другім. Ён наогул любіць усё падвоенае, каб была другая сталіца, не важна, Варшава, Масква ці Кіеў, — з адной ён не вытрымае; каб было дзве мовы, на ўсялякі выпадак, — беларуская і руская, беларуская і польская, а калі што, беларуская і палеская, галоўнае, камплект. Напэўна, дуалізм адрознівае нас ад усіх суседзяў, «Дзве душы» Гарэцкага — гэта формула беларуса.

— А хто ў нас другі прэзідэнт?

— Івонка Сурвіла. Дарэчы, жанчына.




Гутарыла Стэфанія К., фота Надзеі Бужан, Наша Ніва
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------