Назвалі самую папулярную кнігу ў Беларусі за 2019 год

Фота: lohvinau.by
Кніга Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», перавыдадзеная выдавецтвам «Папуры», прызнана самай папулярнай у 2019 годзе, перадае карэспандэнт БелТА.

Міністэрства інфармацыі сумесна з Нацыянальнай кніжнай палатай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі 13 снежня далі старт праекту «Кнігі Беларусі. Год 2019». Падзея адбываецца ў выставачнай залі Нацыянальнай бібліятэкі.

На выставу, якая ўпершыню прадставіла кнігі, выдадзеныя ў Беларусі ў 2019 годзе, былі запрошаныя сотні дзяржаўных і прыватных выдаўцоў, грамадскіх і рэлігійных аб’яднанняў, індывідуальных прадпрымальнікаў.

Раман быў упершыню надрукаваны ў часопісе «Полымя» у 1965 годзе ў Менску.

Твор апісвае станаўленне беларускай нацыі, малюючы тры пакаленні шляхецкай сям’і Загорскіх. У кнізе дзейнічаюць як літаратурныя персанажы, народжаныя мастацкай фантазіяй, так і рэальныя гістарычныя асобы – Кастусь Каліноўскі, Зыгмунт Серакоўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Станіслаў Манюшка, Тарас Шаўчэнка, Уладзіслаў Сыракомля.

Радыё Свабода