Індыя дапаможа ў выданні твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа на хіндзі

Індыйскі бок гатовы дапамагчы Міністэрству культуры Беларусі выдаць
творы Янкі Купалы і Якуба Коласа на хіндзі да 130-годдзя з дня
нараджэння класікаў беларускай літаратуры, якое будзе святкавацца ў 2012
годзе. Магчымасці рэалізацыі гэтага праекта былі абмеркаваны падчас
сустрэчы 16 чэрвеня міністра культуры Паўла Латушкі з надзвычайным і
паўнамоцным паслом Індыі ў Беларусі Маноджам Кумарам Бхарці, паведаміла
прэс-служба Мінкультуры.
Падчас перамоў бакі абмеркавалі іншыя пытанні двухбаковага
беларуска-індыйскага супрацоўніцтва ў сферы культуры, у тым ліку
магчымасці вывучэнне хіндзі ў вышэйшых навучальных установах Беларусі.
Латушка і Бхарці разгледзелі пытанні аб падрыхтоўцы праграмы
супрацоўніцтва паміж урадамі дзвюх краін ў галіне культуры, мастацтва,
адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі і друку на 2011—2013 гады,
падпісаць якую плануецца ў верасні падчас пасяджэння беларуска-індыйскай
камісіі.
Асаблівую ўвагу, як паведамляе прэс-служба Мінкультуры, прадстаўнікі
беларускага і індыйскага бакоў надалі супрацоўніцтву ў сферы
кінематаграфіі і сумеснай кінавытворчасці. Не выключаецца магчымасць
прыезду ў Беларусь індыйскіх кінапрадзюсераў для "абмеркавання пытанняў
супрацоўніцтва ў кінасферы", а таксама "выкарыстання індыйскім бокам
кінатэхналагічных паслуг і студыйных магчымасцяў нацыянальнай кінастудыі
"Беларусьфільм".
Латушка і Бхарці таксама закранулі пытанне стажыроўкі беларускіх кінематаграфістаў і студэнтаў факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на кінастудыях і ў навучальных установах Індыі.
БелаПАН