Не стала пісьменніцы Галіны Багданавай


Чорныя дні адзін за адным: сёння не стала пісьменніцы і навукоўцы Галіны Барысаўны Багданавай (Сачанка), дачкі Барыса Сачанкі.

Развітанне адбудзецца 24 ліпеня а 13.00 у залі крэматорыя на Паўночных могілках Мінска. Там жа, дзе толькі сёння развітваліся з Уладзімірам Сіўчыкавым.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" глыбока смуткуе з прычыны сыходу выдатнай пісьменніцы. Прыносім шчырыя спачуванні сям'і, знаёмым, чытачам прозы Галіны Багданавай, яе вучням. Вечная і светлая памяць...


Галіна Багданава нарадзілася 31 студзеня 1961 года ў Крычаве. Скончыла факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта і аспірантуру Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў.

З 1982 года працавала рэдактарам аддзела часопіса «Мастацтва», выкладала на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта і ў Рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка. Сябра Саюза журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтарка некалькіх кніг прозы, п’есаў і вершаў для дзяцей, кнігі «Вялікія мастакі ХХ стагоддзя», шматлікіх артыкулаў у рэспубліканскім друку. Узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры РБ.



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"