Невядомы рукапіс (і малюнак) Караткевіча. Прэм'ера!
Дата публікацыі: 26.11.2020
406

Прамова (спіч) на банкеце ў гонар 60-годдзя
Ягамосці А.Н. Карпюка (15 красавіка 80 г.)
(як кожны экспромт, аднаўляецца прыблізна, па памяці).
...Мы шмат гадоў знаёмыя з Аляксеем Карпюком... Нават дружым. Аднойчы ён мне нават даў сваю шапку, калі я ішоў на спатканне. Сказаў: "Сорамна табе ў такой шапцы ісці на Спатканне". Зд[з]ер з маёй галавы маю, а мне даў сваю. Добрая была шапка. Норкавая, ці якая яшчэ там.
Рознае ў нас бывала. І -- хочаце верце, хочаце не -- гэты не Вы сёння прымусілі яго прылюдна зрабіць ягоны першы лык шампанскага. Першы яго раскалоў на кяліх шампанскага я. І ганаруся гэтым. Ён сам тут, не дасць схлусіць... І вось "неисповедимы пути господни" сёння ён шампанскага выпіў, а я вымушаны падымаць тост за яго здароўе і сто год мінеральнай вадой. (Рэпліка з месца: "Вось небяспека такой дружбы". Другая: "З кім павядзешся"). Цяпер мы крыху далей адзін ад аднаго (гарады), але сэрцам разам.
І яшчэ аб зменлівасці чалавечых лёсаў. Калі хочаце, я раскажу Вам сплетню, якая ходзіць аб юбіляры (Рэпліка: "Просім! Просім!"). Кажуць, што ён і цяперашні папа рымскі родам з адных мясцін. Можа і так, але вось промысел божы: адзін пайшоў у папы рымскія, а другі ў дырэктары антырэлігійнага музея... Вось як яно ў жыцці...
І ўрэшце простыя (а не юбілейныя) словы пра тое, за што я (і мы) люблю гэтага чалавека...
Уладзімір Караткевіч
17 красавіка 1980 г.
Аўтограф Уладзіміра Караткевіча змешчаны ў калекцыі аўтографаў — альбоме Аляксея Гардзіцкага. Альбом, куды вядомы журналіст і эсэіст Аляксей Гардзіцкі збіраў рукапісы сваіх сяброў, знаёмых, старэйшых літаратараў, мастакоў, ахоплівае перыяд з 1968 да пачатку 1990-х гадоў.
Разам з аўтографам, прамовай на юбілеі Аляксея Карпюка, у альбом падклеены і малюнак Караткевіча. Побач з малюнкам — тлумачэнне Гардзіцкага: "Сяброўскі шарж зроблены Уладзімірам Караткевічам 18 сакавіка 1977 года, калі мы разам з ім былі на нарадзе маладых у Гародні. Злавіў жа: гэты характэрны мой завіток".

Рукапісы публікуюцца ўпершыню. Пры перадруку спасылка на першапублікацыю абавязковая.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"