Інга-Ліна Ліндквіст: «Як напісаць (аўта)біяграфію?»

14 мая спадарыня Інга-Ліна правяла майстар-клас для навучэнцаў Школы маладога пісьменніка пры СБП.

УВАГА! Падаць заяўку на навучанне ў Школе маладога пісьменніка можна да 15 жніўня, падрабязнасці глядзіце ТУТ

Старонка Школы ў Фэйсбуку

Інга-Ліна Ліндквіст

Інга-Ліна Ліндквіст – асабліва блізкая нам госця, бо яна вырасла ў Беларусі і ва ўзросце 15 гадоў, у 1979 годзе, з’ехала ў Швецыю, дзе па сённяшні дзень жыве. Лектарка ўжо не першы раз прыязджае да нас, каб падзяліцца з беларускімі калегамі сваім досведам выкладання ў адной з пісьменніцкіх школ Швецыі, а таксама правесці майстар-класы для літаратараў-пачаткоўцаў.

    

Аўтафікцыя – гісторыя развіцця жанру

Аўтабіяграфічная проза, або аўтафікцыя, пра якую распавядала госця -- надзвычай папулярны ў Швецыі жанр. Актуальнасць нон-фікшн, дакументалістыкі пацвярджаецца і фактам атрымання беларускай Святланай Алексіевіч літаратурнага Нобеля-2015.

Увогуле пісьменніцтва для шведаў стала, без перабольшання, “нацыянальным відам спорту”. Напрыклад, у Школе, дзе выкладала Інга-Ліна, штогод на трох факультэтах пастаянна навучалася 500 чалавек. І падобных школаў шмат. Існуюць доўга- і кароткатэрміновыя курсы, платныя і бясплатныя, дзе любы ахвотны можа засвоіць сакрэты літаратурнага майстэрства: як выбраць тэму, жанр, пабудаваць кампазіцыю. І галоўнае: як напісаць пра сваё дзяцінства, гісторыю сваёй сям’і, пра свой уласна перажыты досвед, каб гэта было цікава іншым і стала сапраўды вартым літаратурным творам?

Здаецца, шведы знаходзяць адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні. Дзякуючы папулярнасці аўтафікцыі ствараюцца жыццяпісы асобных людзей і шматтомныя радаводы многіх сем’яў, захоўваецца гістарычная памяць, праз асобу звычайнага, “маленькага” чалавека высвечваюцца сацыяльна-палітычныя праблемы.

Якраз жанр аўтабіяграфіі так званага “рабочага” чалавека паклаў пачатак развіццю шведскай дакументалістыкі ў 1930-х--1950-х гадах. Жыццё простага, звычайнага чалавека дастойнае сюжэту любога рамана, ягонае “я” не менш каштоўнае за калектыў, за грамадства, -- гэты канцэпт падштурхнуў многіх аўтараў да стварэння кніг і раскрыцця свайго асабістага свету для шырокай аўдыторыі.

У 1970-х у Швецыі выходзяць аўтабіяграфічныя кнігі, дзе пісьменнікі цалкам здымаюць заслону прыватнасці са свайго жыцця, што выклікае бурлівую рэакцыю публікі і адначасова дае шанц гэтаму жанру -- ад таго моманту нон-фікшн "набірае абароты" сярод аўтараў і чытачоў.  

На сённяшні дзень нон-фікшн літаратура займае на паліцах шведскіх кнігарняў асобнае і вельмі важкае месца, яе актыўна і пішуць, і чытаюць. Ёсць сярод падобных выданняў і так званыя "бульварныя", або, як адзначыла Інга-Ліна, “вульгарныя" кнігі, якія, тым не менш, мне падабаюцца, хаця гэта цяжка патлумачыць”. Раманы кшталту “Колькі разоў я выходзіла замуж” або “Як я была жонкай афрыканскага правадыра” запатрабаваныя чытачом, а значыць, дакументалістыка мае шырокі тэматычны спектр і невычарпальны патэнцыял.     

 

Гістарычная маўклівасць беларусаў

Чаму жанр (аўта)біяграфіі не настолькі шырока папулярны сярод беларусаў, наколькі ў шведаў?

Магчыма, гэтаму замінае траўмаваная гістарычная памяць: псіхалагічна вельмі цяжка прыгадваць падзеі Першай і Другой сусветных войнаў, голад, рэпрэсіі сталінскага часу і многае іншае.

Яшчэ адзін момант быў акрэслены цягам сустрэчы супольнымі высілкамі слухачоў і лектаркі. Адзін з наведнікаў прызнаўся, што хацеў бы напісаць аўтабіяграфічны раман, дзе распавёў бы пра жыццё сваё і сваёй сям’і, але задаўся пытаннем: каму гэта патрэбна акрамя яго?

Спадарыня Ліндквіст не згодная: беларусы з-за сваёй сціпласці і ментальнай замкнутасці страчваюць каштоўныя ўспаміны, сведчанні пра былыя часы і, як вынік, свае карані. Праз гэта згублены цэлы пласт нацыянальнай культуры і важныя факты, якія дапамаглі б пранікнуць у таямніцы нашай гісторыі. У Швецыі, напрыклад, чалавек заўсёды ўпісаны ў кантэкст сацыяльны і палітычны, то бок, калі выходзіць біяграфія любой асобы (не важна, знакамітасці або шарагоўца), яна непарыўна звязаная з тым, што адбываецца ў грамадстве і краіне ў цэлым.

 

Першыя крокі ў напісанні (аўта)біяграфіі

З чаго пачаць аповед пра сябе або пра кагосьці іншага?

Спершага – успомніць, што адбывалася. Чалавечая памяць ненадзейная, на яе, як даказалі навукоўцы, уплываюць многія фактары, у тым ліку эмацыйная ўцягненасць у падзеі і рэакцыя на іх.

Ёсць меркаванне, што жыццё насамрэч хаатычнае. І задача аўтара – структураваць яго, выбраўшы канкрэтныя эпізоды для апісання ў творы, і падэталёва ўзнавіць іх. Цалкам жыццё ў адным рамане апісаць фактычна немагчыма, таму нездарма многія пісьменнікі, якія працуюць у гэтым жанры, выдаюць цэлыя серыі кніг цягам многіх гадоў, дзе ў кожным томе раскрыты канкрэтны часавы адрэзак, сітуацыя і звязаная з ёй сацыяльная праблема.

Але гэта не так проста. Як у аўтабіяграфіі аддзяліць сябе рэальнага ад сябе літаратурнага? Суб’ектывізм непазбежны, але ён часцей замінае аўтару, чым дапамагае. Таму прафесіянал раіць па магчымасці адасабляць сябе і героя кнігі, памятаючы пры тым, што гэта, канечне, адзін і той жа чалавек, толькі з розных ракурсаў асэнсавання. У нашага “я” ёсць мноства характарыстык, чалавечая асоба нелінейная і непрагназаваная. У любога медаля ёсць два бакі, і ў гэтым і прывабнасць, і складанасць для пісьменніка, лічыць Інга-Ліна Ліндквіст.     

Феномен Святланы Алексіевіч – драматургія жыццёвая і літаратурная

Пасля абвяшчэння Нобеля па літаратуры-2015 Інга-Ліна Ліндквіст як журналіст мела ўсяго чатыры гадзіны, каб напісаць газетную паласу пра Святлану Алексіевіч. Безумоўна, аўтарка знаёмая з творчасцю набеліянткі шмат гадоў, але менавіта “мазгавы штурм” змусіў яе да сапраўднага адкрыцця і ўнутранага разумення феномену твораў Святланы Аляксандраўны.    

Кампазіцыйна яе кнігі напісаныя як п’есы або кінасцэнары, у якіх ёсць апісанні за кадрам, рэмаркі. Драматургічнасць набліжае чытача да кнігі, уцягвае яго ў дзеянне, далучае да суперажывання героям. І калі спачатку Алексіевіч даволі актыўна прысутнічала ў тэксце (аўтарскія каментары, рэмаркі, маналогі), то з цягам часу як быццам “адышла ў цень” сваіх персанажаў, галасы якіх занялі цалкам усю мастацкую тканку кнігі, як, напрыклад, у “Часе second hand”.

І калі прыгадаць, наколькі складана беларусам даецца ўспамінанне і фіксацыя перажытага на паперы, пра што мы ўжо згадвалі тут вышэй, становіцца ясна, наколькі дасканала Святлана Алексіевіч авалодала майстэрствам разумення людзей: наўрад ці яны раскрыліся б перад кімсьці іншым. Настолькі ж “высокі пілатаж” прадэманстраваны ў выбары кампазіцыі і моўных сродкаў. Еўрапейскі чытач па праве ацаніў спадарыню Святлану, і сярод шведскіх чытачоў, якія, як мы дазналіся, асабліва любяць дакументалістыку, яе кнігі карыстаюцца вялікім попытам.

 

Віка Трэнас, для lit-bel.org