Інга-Ліна Ліндквіст у Школе маладога пісьменніка

Сваю сістэму навучання Інга-Ліна будуе на базе тэорыі рускага літаратуразнаўства і сістэме Станіслаўскага, прыкладаючы яе прынцыпы да літаратурнага тэксту.

Інга-Ліна трымаецца думкі, што кампазіцыя — гэта арганізацыя часу ў тэксце. Гэтым і спрабавалі  займацца маладыя аўтары падчас выканання практычных заданняў ― свядома арганізоўваць час у тэксце, “рухаць” і “рэзаць” яго.

У пачатку семінара выкладчык прапанавала абмеркаваць тры тыпы кампазіцыі:

Класічную, традыцыйную будову тэкста з завязкай, кульмінацыяй і развязкай.

Фрагментарную (Мінімалізм), дзе галоўным кампанентам з’яўляецца фрагмент, пры гэтым усе фрагменты раўназначныя і аўтар змяшчае іх у тым парадку, у якім лічыць патрэбным, а не адпаведна часавай паслядоўнасці. 

Абсурдызм, дзе асноўную нагрузку бярэ на сябе гульня з мовай, логікай і г.д.

Пагаварылі  таксама пра тое, што такое сцэна. Паводле Інгі-Ліны, сцэна пазнаецца па прасторы. Сцэна заканчваецца, калі змяняецца прастора ці склад персанажаў.

Пасля кароткай тэорыі пра пэўны від сцэны выкладчык прапаноўвала напісаць тэкст, які б праілюстраваў яе. На выкананне задання адводзілася 10-15 хв.

Чатыры тыпы сцэн:

1. Насычаны эмацыйны момант у цяперашнім

Заданне: апісаць свайго персанажа ў стане ўзрушанасці. Паказаць эмоцыю праз тое, што адбываецца, не называючы яе прычыну.

2. Рэтраспекцыя

Заданне: апісаць момант у мінулым, які прывёў да сцэны ўзрушанасці.

3. Паглыбленне, развагі, апісанне

Заданне: вярнуцца да персанажа ў цяперашнім часе і апісаць яго ў стане супакоенасці, рэфлексіі.

4. Адступленне

Заданне: напісаць сцэну, не датычную ўсяго, што адбываецца ў асноўным дзеянні, ці сцэну, праз якую рабілася б ясна, што ўсё не зусім так, як падаецца ў сцэне паглыблення.

Фрагмент семінара.

Усе напісаныя тэксты маладыя аўтары зачыталі і абмеркавалі разам з выкладчыкам. І на гэтым матэрыяле разгледзелі наступную падтэму: “Дэталь”.

Чатыры тыпы дэталі:

Дыскрыптыўная, апісальная. Звычайна яна адзіночная, напрыклад, “цёплая вада”. Характарызуе прадмет ці вобраз.

Наратыўная. Замацаваная за дзеяннем, напрыклад, “гайдаўся, як прадмет”.

Характарызуючая. Напрыклад, дзеянне, якое дае ўяўленне пра характар персанажа ці яго мінулае.

Сімвалічная ці імпліцытная. Мае дачыненне да ўсяго апавядання. 

Практычны семінар з Інгай-Лінай Ліндквіст быў завяршальным у першым навучальным годзе ў Школе маладога пісьменніка. 

Выніковая вечарына навучэнцаў Школы "Параходзік сучаснасці" пройдзе 29 траўня ў галерэі “Ў” (Незалежнасці, 37А). Пачатак у 18.30. Уваход вольны. 

Чытаць гутарку з Інгай-Лінай Ліндквіст: "Як прадаваць літаратуру, калі няма рэкламы?"

Алена Казлова для lit-bel.org

Фота і відэа - аўтара

Болей фота гл. на нашай старонцы ў фэйсбуку.