Ноч паэтаў: сёння гадавіна памяці ахвяр сталінскага тэрору

Сённяшні дзень запісаны крывёй у нашай гісторыі.

Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. стала кульмінацыяй сталінскага тэрору для Беларусі - былі расстраляныя дзеячы культуры, навукі, палітыкі – у спісе 132 асобы.

Сярод іх Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Міхась Чарот, Ізі Харык, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны, Масей Кульбак, Юрка Лявонны…

Саюз беларускіх пісьменнікаў на працягу многіх гадоў ініцыяваў памятныя мерапрыемствы прысвечаныя гэтай страшнай падзеі. З часам гэты чын падхапілі іншыя суполкі і арганізацыі і яна выйшла за межы залаў – сталася сапраўды грамадскім памінальным днём, калі сотні людзей штогод бралі ўдзел у Курапацкіх чытаннях. Загучалі не толькі імёны забітых, з нябыту вярталіся і іх галасы – у асветленым знічкамі курапацкім лесе гучалі вершы Паэтаў…

Сёлета і нашыя суайчыннікі за мяжой збяруцца разам каб узгадаць імёны і творы ахвяраў той трагедыі. 

Гэтую ноч трэба памятаць – каб яна не паўтарылася!



Ул. інф.