Новае імя ў літаратуры. Знаёмцеся: штучны інтэлект

Вокладкі кніг на Booksby.ai
З’явілася інтэрнэт-кнігарня Booksby.ai, якая прадае навукова-фантастычныя раманы, створаныя штучным інтэлектам.

Штучнаму інтэлекту для навучання была прапанаваная вялікая колькасць навукова-фантастычных кніг з Amazon.com і праекта «Гутэнберг», пасля чаго ён навучыўся генераваць новыя, якія імітуюць мову, стыль і знешні выгляд кніг, якія ён прачытаў.

Ні адна з гісторый, назваў, апісанняў, вокладак кніг або рэцэнзій не былі напісаныя або распрацаваныя людзьмі. Штучны інтэлект зрабіў усё сам. Акром кніг, рэцэнзій і аглядаў, ШІ згенераваў і саміх фэйкавых рэцэнзентаў.

Усе кнігі па Booksby.ai прадаюцца на Amazon.com і могуць надрукавацца ў мяккай вокладцы.

Творы, якія прадаюцца ў анлайн-краме Booksby.ai, чытачы называюць «самымі выкшталцонымі прыкладамі алгарытмічна згенераванай творчасці». Іншымі словамі, гэта літаратурнае трызненне, у якім пры жаданні можна знайсці сэнс. Тое ж самае тычыцца вокладак кніг і рэцэнзій – яны адназначна звязаны з тэкстам, але што гэта за сувязь, разумее толькі сам ШІ. Напрыклад, у адным з крытычных аглядаў нейрасетка прыдумала слова «кнодунг» (Knodung) і часта рабіла дасылкі да яго, не патлумачыўшы сэнс самога тэрміна.

Праект выкананы Андрэасам Рэфсгаардам і Мікелем Лузэ з Капенгагена, якія вырашылі правесці эксперымент і паглядзець, як штучны інтэлект справіцца з такой маштабнай задачай. Падобна, што эксперымент атрымаўся: за некалькі месяцаў ужо прададзена некалькі дзясяткаў кніг.

Саюз беларускіх пісьменнікаў