Новая кніга Рычарда Бялячыца «Пах Зоркі»

Рычард Бялячыц. Фота: racyja.com
У мясцовым Палацы творчасці дзяцей і моладзі, які месціцца ў былым палацы князёў Друцкіх-Любецкіх, прайшла творчая вечарына і прэзентацыя кнігі Рычарда Бялячыца «Пах Зоркі». Паэт перакананы, што пах роднай зямлі, жыта, красак на поплаве мае адбітак і ў зорках, якія па-над галавою.
Ад гэтага вечара я і чакаў нямала, але ўсе мае чаканні ява пераўзыйшла таму, што сабралася многа гасцей з усёй вобласці, не толькі з Гародні або Шчучына. Прыехалі з Ашмян, Астраўца. Ну і потым такія выступленні былі – прыязныя, шчырыя, сардэчныя: у Аляксея Пяткевіча, Янкі Трацяка, Валянціна Дубатоўкі.

У творчасці Рычарда Бялячыца застаюцца важнымі і непарыўнымі тэмы кахання, любові да родных людзей, рамантычных легендаў, на якія багатая ўся беларуская зямля.

Кажа Валянцін Дубатоўка, старшыня абласной філіі арганізацыі СБП:

Рычард Станіслававіч – гэта непаўторнай лірыкі рамантык. Я кожны раз, калі з ім размаўляю, здзіўляюся: як гэта чалавек можа быць дарослым і заставацца рамантыкам. Ведаеце, як у літаратараў бывае: спачатку вершы, затым пераходзяць на прозу таму, што складана захоўваць такі стан душы, калі ты можаш перадаваць рамантычныя адчуванні. У Рычарда Станіслававіча гэта атрымліваецца выдатна.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя