Новая кніга Таісіі Мельчанка

У Гомелі ў грамадска-дэмакратычным цэнтры на Палескай, 52 адбылася прэзентацыя чарговай кніжкі паэзіі “Вытокі святла і дабрыні” Таісіі Мельчанка.

У зале сабраліся сябры і знаёмыя паэткі, усе тыя, хто не толькі любіць паэзію і прыгожае слова, а і цікавіцца гісторыяй Беларусі, вытокамі яе дзяржаўнасці. Бо, як сказаў кіраўнік Цэнтра Уладзімір Кацора, сустрэча з паэтычным словам праходзіць пад эгідай 100-годдзя БНР, і кніга вершаў была прамеркавана да гэтай знамянальнай падзеі. Дадаў яшчэ, што выданне такіх кніг праходзіць сумесна з Гомельскім абласным аддзяленнем ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Віншавальнае слова ад імя абласной пісьменніцкай арганізацыі ўзяў яе старшыня Анатоль Бароўскі, расказваў аб творчасці паэтэсы Генадзь Лапацін, яе сяброўка, вядомая публіцыстка Марыя Шыманоўская, прыхільнік яе творчасці Міхась Акуленка, які, дарэчы, сказаў:

– Прачытаўшы вашыя вершы пра любімую вёску Маркавічы, я так і хачу ўсклікнуць: “Дык вы ж пісалі менавіта пра маю вёску!" Дзякуй вам за прачулыя словы пра нашае дзяцінства, пра нашых бацькоў і прашчураў!”

Таісія Мельчанка прачытала шмат вершаў як з новай кнігі, так і тыя, якія яшчэ не друкаваліся.

Дзякуй Богу, я дома!

Сто вятроў за спіной.

Забываю пра стому,

Любы край, я з табой!

Аксамітам пад ногі

Мне кладзецца трава.

Няма лепей дарогі,

Што вядзе да сяла…

Ад імя ўсіх прысутных прадстаўнік радыё “Свабода”, даўні сябар паэтэсы Анатоль Гатоўчыц уручыў ёй прыгожыя кветкі.

Але на гэтым творчая сустрэча не скончылася – да госці падыходзілі і падыходзілі ўдзельнікі імпрэзы, каб яна паставіла аўтограф на сваёй кніжцы.

І ўсе пажадалі Таісіі Мельчанка і надалей крочыць па сваёй паэтычнай сцежцы, здабываючы на ёй новыя ўражанні, новыя вершы і паэтычнае натхненне.

Ул. інф. Гомельскага абласнога аддзялення СБП