Абраны старшыня Гарадзенскай філіі ГА "СБП"

Барыс Пятровіч і Янка Трацяк

16 красавіка ў Гародні адбыўся планавы справаздачна-выбарчы сход абласной філіі грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

На сходзе прысутнічаў актыў гарадзенскай суполкі і кіраўніцтва Саюза: старшыня Барыс Пятровіч, першы намеснік Алесь Пашкевіч, намеснік Усевалад Сцебурака.

Сустрэча распачалася з хвіліны маўчання ў памяць пра сяброў, якія адыйшлі за перыяд паміж сходамі. Узгадалі гарадзенцаў: Ігара Жука, Паўла Сцяцко, Юрку Голуба, а таксама страты апошняга часу - Анатоля Клышку, Уладзіміра Папковіча, Міхася Карпечанку.

Старшыня філіі Валянцін Дубатоўка, які змяніў пяць гадоў таму на гэтай пасадзе Юрку Голуба, выступіў са справаздачай аб дзейнасці арганізацыі. Узгадаў у дакладзе найбольш важныя справы, сярод якіх выданне гарадзенскага літаратурнага альманаху "Новы замак", альманахаў "Паланэз" і "Стольны град" у Слоніме і Лідзе, рэгіянальныя паэтычныя фестывалі, літаратурныя выступы, далучэнне новых сяброў. Іх, да слова, у гарадзенскай філіі за апошнія пяць гадоў стала больш на траціну, у чым таксама немалая заслуга старшыні, які заўважна актывізаваў працу з літаратарамі вобласці.

Да прысутных таксама звярнуўся старшыня ГА "СБП" Барыс Пятровіч, які ўхваліў дзейнасць філіі і адзначыў поспехі Валянціна Дубатоўкі на пасадзе старшыні абласной арганізацыі.

Па прадстаўлені Валянціна Дубатоўкі новым кіраўніком філіі быў абраны Янка Трацяк, актыўны сябра абласной арганізацыі, які ў апошнія гады актыўна займаўся ўкладаннем літаратурнага альманаха "Новы замак".

Таксама на сходзе былі абмеркаваныя некаторыя надзённыя пытанні працы абласной арганізацыі.

Сакратарыят ГА "СБП" шчыра дзякуе за плённую працу Валянціну Дубатоўку і сардэчна віншуе новаабранага кіраўніка філіі Янку Трацяка ды зычыць поспехаў!

Сябры Гарадзенскай філіі ГА "СБП"

Прэс-служба ГА "СБП"