Новы выпуск альманаху “Справа”

Пабачыў свет новы, ужо 6-ы, выпуск беларуска-ўкраінскага альманаху “Справа”, які выдае Таварыства ўкраінскай літаратуры пры СБП. У параўнанні з мінулымі выпускамі фармат выдання вельмі змяніўся: выданне стала каляровым, дынамічным, утрымлівае qr-коды, якія дазваляюць атрымаць дадатковую інфармацыю з Інтэрнэту. Выданне прызначанае для шырокага кола чытачоў, але найперш для моладзі.

У альманаху друкуецца аповесць "Юзік і Олэся" Валерыя Гапеева, беларуска-ўкраінскія "Рамэа і Джульета" з нашых дзён, дзе канец натхняе, а не засмучае. Тут ёсць матэрыялы пра людзей і ад людзей, якія натхняюць, іх праекты і правілы жыцця: Антон Рудак, Аляксандр Пігччук, Віктар Клімус, Надзея Андрасюк,  оперная зорка Маргарыта Ляўчук  і яе мама Алена, што падзялілася з намі кранальнай сямейнай гісторыяй.

Берсцейска-пінскія гаворкі прадстаўленыя берасцейскай готыкай -- сучаснымі народнымі страшылкамі, якія запісаў у Брэсцкім раёне Антось Дацкевіч і дасціпна праілюстраваў гомельскі мастак Філіп Какоша.

Акраса нумара – коміксы, што распавядаюць пра старонкі гісторыі.

Тут і каляндар з рамантычнай рэканструкцыяй Берасця 18 стагоддзя ад Паўла Кіскевіча, дзе пазначаныя беларускія і ўкраінскія святы.

І, канечне, розная і вельмі сімпатычная літаратура ад Алеся Паплаўскага, Юльяны Пятрэнка, Арэсты Асійчук. 

Прыдбаць "Справу" можна падчас прэзентацый і ў краме "Акадэмкніга".



Паводле прэс-рэлізу