Інтэрнэт-бібліятэка Камунікат.org змяніла аблічча

З самай раніцы 24 верасня беларуская Інтэрнэт-бібліятэка Камунікат.org працуе ў новым графічным афармленні, якое ў параўнанні са старым варыянтам больш "лёгкае" і "светлае".

У гэтым годзе праект адзначае сваё 10-годдзе, у сувязі з чым 29 верасня ў Мінску адбудзецца афіцыйная прэзентацыя новага аблічча сайта. Прэзентацыя будзе спалучана са шматлікімі дадатковымі культурнымі мерапрыемствамі, усе падрабязнасці – на сайце zbsb.org

Бібліятэку Камунікат.org заснаваў як прыватную ініцыятыву цяперашні праграмны дырэктар нашага Радыё Яраслаў Іванюк. Апошнія гады сайт дзейнічае пад шыльдай Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку.

Гэта сайт, які, на нашу думку, мае цяпер вельмі сучасны выгляд, – сказаў стваральнік рэсурсу. – Цяпер будзе прасцей ім карыстацца. Апрача абнаўлення графічнага выгляду мы стараліся дадаць сайту таксама новыя функцыянальнасці. Мы памянялі форму прэзентацыі персанальных сайтаў беларускіх аўтараў, кнігі якіх знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі. Цяпер кожны наведнік зможа без ніякіх праблем адшукаць не толькі кнігу канкрэтнага аўтара, але і ягоныя артыкулы, якія знаходзяцца ў зборніках або часопісах, што стаяць на віртуальных паліцах Камунікат.org.

На момант з'яўлення гэтай інфармацыі на сайце было размешчана больш за 6 тысяч беларускіх выданняў, сярод якіх – кнігі, перыёдыка і мультымедыйныя рэсурсы.

Радыё Рацыя