П(е)рачытаць па-беларуску

Кніга Мойшэ Кульбака «Мэсія з роду Эфраіма» выйшла ў выдавецтве «Вясна» у перакладзе Сяргея Шупы.

«Мэсія з роду Эфраіма» – гэта ўжо трэці раман Мойшэ Кульбака перакладзены на беларускую мову. Да гэтага свет пабачылі «Зельманцы» (перакладчык Віталь Вольскі) і «Панядзелак» (перакладчык Сяргей Шупа).

«Цяпер нарэшце можна прачытаць па-беларуску ўсю прозу Кульбака (калі гэта можна назваць прозай...). Усё для вас, дарагія чытачы!
"Гэтае наша выданне – супольнае з нашым беларускім партнёрам Выдавецтва «Янушкевіч» – спадзяемся на плённае супрацоўніцтва!», – гаворыцца на афіцыйнай старонцы ў Facebook.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў другой палове снежня.

Кніга Джаан Кэтлін Роўлінг «Гары Потэр і філасофскі камень» пабачыла свет у выдавецтве «Янушкевіч» у перакладзе Алены Пятровіч.

«Сёлета споўніўся 21 год, як выйшла першая кніга пра Гары Потэра ў Велікабрытаніі. Шмат хто з беларусаў паспеў пазнаёміцца з кнігай на розных мовах. Цяпер прыйшоў час прачытаць яе па-беларуску ў выдатным перакладзе Алены Пятровіч. Кніга з’явіцца ў вокладцы, якую зрабіў вядомы амерыканскі мастак Браян Сэлзнік. Ён стварыў новае серыйнае афармленне да 20-годдзя выхаду першай кнігі пра чароўнага хлопчыка», – паведамляецца на старонцы выдавецтва ў Facebook

У продажы кніга з’явіцца 14 снежня.

Саюз беларускіх пісьменнікаў