Падмуркі дамоў айцоў БНР Луцкевічаў у Менску захаваюць і закансэрвуюць

Як паведаміў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран, на месцы знаходкі будуць разьмешчаныя інфармацыйныя стэнды і сюды ж перанясуць памятны камень, пастаўлены пазалетась у гонар братоў Луцкевічаў.
«Камісія ў справе захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны зьбіралася двойчы, каб прыняць рашэньне, што ж рабіць з раскрытымі фрагмэнтамі падмуркаў старых будынкаў. Думкі выказвалі аўтарытэтныя гісторыкі. Вызначылі так: увесь парк зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Рэспублікі Беларусі і вылучаць асобныя аб’екты нямэтазгодна. Але і разбураць гістарычныя знаходкі мы ня маем права», — падсумаваў чыноўнік.
Як адзначыў Арцём Цуран, прынята рашэньне заканансэрваваць фрагмэнты падмуркаў. Каб іх не пашкодзілі, у парку зьменяць траекторыю дарожак.
Летась пачалося добраўпарадкаваньне Купалаўскага сквэра. Падчас працаў будаўнікі дакапаліся да падмуркаў лазьняў Плаўскага, куды ў пачатку мінулага стагодзьдзя наведвалася сталічная інтэлігенцыя, у тым ліку Янка Купала, а таксама дамоў беларускіх адраджэнцаў Івана і Антона Луцкевічаў.
Падмуркам будынкаў пагражала руйнаваньне, але пасьля ўмяшаньня вядучага навуковага супрацоўніка Дзяржаўнага літаратурнага музэя Янкі Купалы Паўла Каралёва выяўленыя артэфакты ўдалося адстаяць.
Нагадаем, што ў снежні 2019 года Рада нашай арганізацыі звярталася да кіраўніцтва Мінскага гарвыканкаму, Міністэрства культуры і "Мінскпраекта" з запытам аб магчымасці кансервацыі і музеефікацыі падмуркаў. У прыватнасці, адзначаючы:
"Просім змяніць праект працаў па добраўпарадкаванні парку Янкі Купалы, з мэтай зберажэння адшуканых падмуркаў і далейшай іх музеефікацыі. Прапануем разгледзець магчымасць аднаўлення дамоў Антона і Івана Луцкевічаў і адкрыцця дома-музея ў іх гонар, што магло б стаць дапаўненнем да Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і ўтварыла б новы музейны кластэр, яшчэ адну важную адметнасць на турыстычнай карце горада Мінска".