Падстрахавацца творчасцю

фота: https://1prof.by/

Нядаўна ў паштовую скрынку нашай грамадскай арганізацыі “Саюз беларускіх пісьменнікаў” прыйшоў ліст ад Першамайскага раённага аддзела Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва пад інтрыгуючай назвай “Аб выплаце ўзносаў ў ФСАН творчымі работнікамі”. Для ўдакладнення дасланай прапановы, разам з высвятленннем акалічнасцяў беларускага сацыяльнага страхавання і мажлівасцямі ў гэтай сферы для сяброў СБП, творчых работнікаў, размаўляем з валанцёрам Саюза, юрыстам Вольгай Сямашка.


У чым ідэя існавання сістэмы дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ў Рэспубліцы Беларусь?

Жыццё чалавека вельмі зменлівае: кожны можа сутыкнуцца з надыходам абставінаў, якія могуць самым непасрэдным чынам адбіцца на стане здароўя і прывесці да страты заработнай платы ці іншых даходаў — асноўнай крыніцы сродкаў існавання.

У такіх выпадках адвольная дзяржава зацікаўлена ў ліквідацыі небяспекі страты і захвання сацыяльнай стабільнасці грамадства. У выпадку з Рэспублікай Беларусь сама дзяржава прымае на сябе пэўную долю адказнасці за іх наступ і стварае ўласную сістэму сацыяльнай абароны, праз якую выдае дзяржаўныя пенсіі, аказвае сацыяльную дапамогу і адпаведныя паслугі. Для гэтага створана і функцыянуе асноўная сістэма дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, якая фарміруецца за кошт сродкаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў сацыяльнага страхавання.

Кіруе гэтай сістэмай Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь (далей па тэксце — ФСАН).

Грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае канстытуцыйнае права на працоўную пенсію і сацыяльныя выплаты, калі за перыяд працоўнага стажу ці заняткі іншымі відамі дзейнасці ён быў застрахаваны ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і за яго, а таксама ім самім, у прадугледжаных заканадаўствам выпадках, выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага ФСАН.

Адпаведна можа здарыцца сітуацыя, калі сябра нашага Саюза — творчы работнік, не маючы іншых сродкаў даходаў, жыве за кошт стварэння і продажу ўласных кніг. Пры гэтым не робіць адлічэнняў ў сістэму дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, і таму, безумоўна, павінен задумацца аб “падушцы бяспекі” для сітуацый уласнай хваробы, выхаду на пенсію і інш.


З чаго складаюцца ўзносы грамадзян у сістэму дзяржаўнага сацыяльнага страхавання?

Абавязковыя страхавыя ўзносы ў ФСАН уключаюць ўзносы на пенсійнае і сацыяльнае страхаванне. Далейшае права на пенсійнае забеспячэнне і на атрыманне сацыяльнай дапамогі у нашай краіне вызначаецца адлічэннямі ў ФСАН па абодвух відах страхавання адначасова.

Пенсійнае страхаванне — гэта страхаванне на выпадак дасягнення застрахаванай асобай пенсійнага ўзросту, інваліднасці ці страты карміцеля. Права на атрыманне пенсій маюць асобы, за якіх выплачваліся ці яны самі выплочвалі ўзносы на пенсійнае страхаванне.


ВАЖНА ВЕДАЦЬ!

Пры разліку працоўных пенсій у працоўны стаж залічваюцца толькі тыя перыяды работы, прадпрымальніцкай, творчай дзейнасці, на працягу якіх ажыццяўлялася выплата страхавых узносаў у ФСАН. Менавіта перыяд выплаты узносаў залічваецца ў страхавы стаж і ўлічваецца пры рэалізацыі права на пенсію пры дасягненні пенсійнага ўзросту, інваліднасці. Зараз для атрымання пенсіі па ўзросце неабходна наяўнасць 17-ці гадоў працоўнага стажу, а да 2025 года трэба будзе працаваць ужо 20 гадоў. І гэта немалаважная падстава для добраахвотнай выплаты ўзносаў.


Сацыяльнае страхаванне - гэта страхаванне на выпадкі:

  • часовай непрацаздольнасці;

  • цяжарнасці і родаў;

  • нараджэння дзіцяці;

  • дагляду за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў;

  • дазвол на адзiн свабодны ад работы дня ў месяц мацi ці бацьку, апякуну (папячыцелю), якая выхоўвае (якi выхоўвае) дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў;

  • смерцi застрахаванай асобы або чальца яе сям'i.


Выплата творчымі работнікамі страхавых узносаў — гэта абавязак ці акт добрай волі?

Грамадзяне, на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ФСАН, падзяляюцца на дзве катэгорыі:

  • грамадзяне, якiя падлягаюць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню;

  • грамадзяне, якім прадастаўлена дабраахвотнае права ўдзельнічаць ў праваадносiнах па дзяржаўным сацыяльным страхаванні.

Да фізічных асобаў, якія маюць права дабраахвотна і самастойна выплачваць страхавыя ўзносы, адносяцца творчыя работнікі.

Нагадаем, што  паводле пункта 1.15. Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры ад 20 ліпеня 2016 года № 413-З, творчым работнікам лічыцца грамадзянін, які ажыццяўляе творчую дзейнасць самастойна або на падставах, прадугледжаных Кодэксам, і незалежна ад таго, з'яўляецца ён членам творчага саюза ці не. Статус творчага работніка сябры нашага Саюза пацвярджаюць уласным пасведчаннем ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".


Які парадак выплаты ўзносаў творчымі работнікамі ў сістэму дзяржаўнага страхавання ФСАН?

Творчыя работнікі могуць па ўласным жаданні зарэгістравацца ў органах ФСАН па месцы жыхарства і пачаць выплачваць унёскі - тым самым яны сфармуюць сваё права на сацыяльнае забеспячэнне.

Пры гэтым творчыя работнікі ставяцца на ўлiк у якасцi плацельшчыкаў непасрэдна з дня падачы імі заявы аб пастаноўцы на ўлік у органы ФСАН па месцы жыхарства з прыкладаннем неабходных дакументаў :

1. Заява аб пастаноўцы на ўлік (бланк выдаецца на месцы),

2. Дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт),

3. Пасведчанне члена творчага саюза або іншы дакумент, які пацвярджае статус творчага работніка.

Ўзносы павінны выплачваюцца творчымі работнікамі з даты пастаноўкі іх на ўлік.


Калі творчаму работніку варта задумацца аб неабходнасці ажыццяўлення адлічэнняў ў ФСАН?

Перспектыва рабіць адлічэнні ў ФСАН павінна разглядацца тымі творчымі работнікамі, для якіх творчая праца з’яўляецца адзінай крыніцай дахода. Калі ж маецца яшчэ адна праца, дзе працадаўца робіць за творчага работніка адлічэнні ў ФСАН, то відавочна такой неабходнасці няма.

Асобна хочацца адзначыць рызыкоўны момант для жанчын-творчых работнікаў, якія плануюць мацярынства. Пры вызначэнні для іх памеру дапамогі па цяжарнасці і родах будзе ўлічвацца перыяд дабраахвотнай уплаты страхавых узносаў на сацыяльнае страхаванне. Калі такія ўзносы выплачваліся менш, чым за 6 месяцаў да ўзнікнення права на дапамогу па цяжарнасці і родах, то такая дапамога усталёўваецца ў мінімальным памеры.


Які памер абавязковых страхавых ўзносаў ў ФСАН?

Абавязковыя страхавыя ўзносы выплачваюцца творчымі асобамі ў памеры 35% ад устаноўленага імі свайго памеру даходу за месяц: з іх 29% адыходзіць на пенсійнае страхаванне, а 6% - на сацыяльнае страхаванне. Памер дахода хоць і вызначаецца творчым работнікам самастойна, аднак не можа быць меншым за усталяваны і праіндэксаваны памер мінімальнай заработнай платы па Рэспубліцы Беларусь. 


ВАЖНА ВЕДАЦЬ!  

Па стане на 23 жніўня 2019 года мінімальная сума узносаў  ў ФСАН за месяц для творчых работнікаў складае 115,50 рублёў (330,00 бел. руб. * 35%). 

Аднак калі падлік узносаў будзе рабіцца з сумы меншай, чым мінімальная заработная плата, то разлік часу для вылічэння страхавога стажу будзе рабіцца дыферэнцыравана. Так, напрыклад, калі творчы работнік працаваў на працягу года 6 месяцаў, а ўнёскі за гэты перыяд выплачваў з сумы, меншай, чым мінімальная заработная плата, то ў страхавой стаж яму будзе залічаны адпаведны перыяд, напрыклад, 2 ці 4 месяцы.


Калі трэба ўнесці абавязковыя страхавыя ўзносы ў ФСАН?

Страхавыя ўзносы творчаму работніку можна выплачваць як штомесяц, так і паквартальна, або нават адным плацяжом раз на год, але не пазней за 1 сакавіка года, наступнага за справаздачным.

Звяретаем увагу, што ўзносы выплочваюцца за канкрэтныя перыяды ажыццяўлення дзейнасці. Дэклараванне перыядаў ажыццяўлення (неажыццяўлення) творчай дзейнасці праводзіцца творчым работнікам самастойна адзін раз на год, але не пазней за 31 сакавіка года, наступнага за справаздачным, шляхам прадастаўлення ў мясцовы орган ФСАН звестак персаніфікаванага ўліку па форме ПУ- 3 (бланк выдаецца на месцы).


ВАЖНА ВЕДАЦЬ!

І пастаноўка, і зняцце з уліку ў органах ФСАН з'яўляюцца добраахвотнымі. Творчы работнік сам вызначае перыяд выплаты ўзносаў для фарміравання свайго працоўнага стажу.

Ці аплачваюцца бальнічныя лісткі творчым работнікам?

Так, аплачваюцца. Памер узносаў 35% для творчых работнікаў дае ім права на аплату бальнічных лісткоў. Дапамога па часовай непрацаздольнасці вылічваецца з памеру сярэднядзённага даходу за каляндарны год, які папярэднічае году, у якім паўстала права на дапамогу.

 

Якія асаблівасці ўліку абавязковых страхавых узносаў у ФСАН для налічэння пенсіі?

З 2003 года ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічае індывідуальны (персаніфікаваны) улік, сутнасць якога ў тым, што асобна для кожнага грамадзяніна ўлічваюцца ягонае права на працоўную пенсію, якія ён зарабляе сам. Вядзецца ўлік звестак пра перыяды працоўнай дзейнасці, штомесячным заробку і іншых выплатах, на якія налічваліся і за якія выплачваліся страхавыя ўзносы. Такія звесткі назапашваюцца на індывідуальным асабістым рахунку.

У будучыні, звяртаючыся за прызначэннем пенсіі, грамадзяніну не трэба збіраць даведкі аб зарплаце і ўзнагароджаннях па грамадзянска-прававых дагаворах за перыяд, пачынаючы з 2003 года. За гэты час пенсія будзе налічвацца на падставе інфармацыі, якая змяшчаецца ў індывідуальным асабовым рахунку грамадзяніна. І для сяброў нашага Саюза важна, каб гэты ўлік не абмінула інфармацыя і аб стажы творчай працы.

Пры звароце ў раённыя аддзелы ФСАН з пашпартам і пасведчаннем сацыяльнага страхавання, якое, дарэчы выдаецца аддзеламі ФСАН творчым работнікам, якія дабраахвотна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы, можна бясплатна атрымаць інфармацыю аб працоўным стажы, заработнай платы i страхавых узносах.


Кантакты аддзелаў ФСАН па г. Мінску даступныя тут.



 

Вольга Сямашка, для lit-bel.org