Паэт, святар, вязень ГУЛАГУ: 130-годдзе Вінцука Адважнага


Сёння святкуецца 130-годдзе з дня нараджэння вядомага пісьменніка, дзеяча культуры, хрысціянскага руху Язэпа Германовіча (Вінцука Адважнага).

Язэп Германовіч нарадзіўся ў мястэчку Гальшаны Ашмянскага павета Віленскай губерні, цяпер Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Станіслаў і Ганна (з дому Савіцкіх) Германовічы. У 1898—1902 гадах наведваў Гальшанскую народную школу, а наступныя чатыры гады — Ашмянскае гарадское вучылішча. У 1913 скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. 29 чэрвеня 1913 пасвечаны ў святары, тады ж распачаў душпастырскую дзейнасць як вікарый у мясцовасці Далістова Беластоцкага павета. Пазней працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканата (Беласток, Крынкі, Мсцібава, Вялікая Лапеніца).

У 1921 уступіў у Таварыства беларускай школы; арганізаваў адну з беларускіх школ, у касцёле гаварыў казанні на беларускай мове. Гэта выклікала незадаволенасць найвышэйшай іерархіі, і Адважны вымушаны быў пераехаць у Друю, дзе ў 1924 уступіў у ордэн марыянаў. Пачаткова выконваў абавязкі пробашча Друйскай парафіі, пазней быў магістрам навіцыяту ў Друйскім кляштары марыянаў і, акрамя таго, настаўнікам рэлігіі і лацінскай мовы ў Друйскай гімназіі. Шырока выступаў у беларускім перыядычным друку. Празаічныя і паэтычныя творы Адважнага рэгулярна з’яўляліся на старонках перыядычнага друку («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). Пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі.

З 1932 на місіянерскай працы ў Харбіне (Маньчжурыя), дзе таксама быў дырэктарам гімназіі.

У 1936 вярнуўся ў Вільню, кіраваў Беларускім марыянскім домам студэнтаў. У 1938 дэпартаваны разам са студэнтамі ў Цэнтральную Польшчу, адкуль у хуткім часе зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кітайскай паліцыяй і перададзены савецкім органам бяспекі. Быў прысуджаны да 25 гадоў прымусовых работ у лагерах. Знаходзіўся ў зняволенні ў Сібіры. Пасля смерці Сталіна вызвалены.

Выехаў у Польшчу, пад канец 1959 — у Рым, а неўзабаве прыбыў у лонданскі Дом Марыянаў. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Рэдагаваў часопіс «Божым шляхам» (Лондан). Пра сваё знаходжанне ў лагерах напісаў успаміны «Кітай — Сібір — Масква», якія выклікалі вялікую цікавасць, былі апублікаваныя на беларускай, італьянскай, польскай, літоўскай мовах.

Памёр у Лондане 26 снежня 1976 года.


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"