Паэтцы Надзеі Артымовіч — 75!

Надзея Артымовіч. Фота: racyja.com
Дзяцінства Надзеі Артымовіч прайшло ў Бельску-Падляшскім, тут яна хадзіла ў пачатковую школу і Беларускі агульнаадукацыйны ліцэй імя Тарашкевіча. У 1965-67 вывучала рускую філалогію на настаўніцкіх курсах у Беластоку, а ў наступныя гады — беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце, які закончыла ў 1972.

Паэтычны дэбют Надзеі Артымовіч адбыўся ў газеце «Ніва» («Ой, ляцелі гусі»). На працягу 1970-75 г. тут было надрукавана 13 прапанаваных паэтэсай вершаў. Пачынаючы з 1976 выйшлі новыя вершы, якіх ужо нямала друкавалася на старонках «Нівы», у «Беларускім календары», часопісе «Маладосць» і інш. Многія з іх датычаць працэсу духоўнай адаптацыі асоб, якія ва ўмовах індустрыялізацыі апынуліся ў віры жыцця вялікіх гарадоў; паэтэса асэнсоўвае гэта, пазбягаючы плыткага сентыменталізму і настальгіі па адыходзячай традыцыйнай вёсцы. У вершах «Мой родны горад», «Грудка зямлі», «Ёсць тое», «П'ю прагна» гучаць патрыятычныя матывы, увасабленнем якіх ёсць пакінуты родны кут, зямля дзяцінства; для іх характэрны ідэйны і эмацыйны зарад, вера і здаровы аптымізм. Значныя мастацкія вартасці выяўляе лірыка кахання (цыкл «Мы так блізка сябе»). Выразна паэтэса паказала сваю творчую манеру ў вялікім цыкле рэфлексійных вершаў «Варшаўскія пейзажы», водгук на разнастайныя праявы жыцця знайшоў тут адлюстраванне як у дыяпазоне праблем, так і ў мастацкіх сродках іх выяўлення.

Жыла і працавала (у т.л. перакладчыцай) у Варшаве. Член Саюза польскіх пісьменнікаў з 1986 г., ганаровы член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Жыве ў Бельску-Падляшскім.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць спадарыню Надзею з юбілеем, жадаюць ёй моцнага здароўя, даўгалецця, бадзёрага настрою, сямейнага дабрабыту і плёну ў творчай працы!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"