Паэзія — гэта ўніверсальная мова ў прынцыпе. Але для Беларусі гэта асноўная мова

Марыя Мартысевіч. Фота: svaboda.org

Сёлета паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч атрымала ўжо дзве прэміі: «Кніга году» і прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі 2019 году. Абедзве — за паэму «Сарматыя».

Сустракаемся каля беларускага ПЭН-цэнтру — тут чарговы занятак Перакладчыцкай майстэрні, з якой за апошняе дзесяцігодздзе паўсталі ўсе буйныя перакладчыцкія ініцыятывы і выйшаў тузін перакладчыкаў. Цяпер тут перакладаюць «Страх і нянавісць у Лас-Вегасе» Хантэра Томпсана.​

«Мо ты не набыў лядоўню ці мікрахвалёўку, але можаш са шведзкімі каралямі ў адной залі засядаць»

Марыя кажа, што прэміі — гэта хутчэй пра маральную асалоду і ўпэўненасць. Хаця грашовая падтрымка дазваляе на пэўны час паглыбіцца толькі ў творчыя праекты.

На пытанне, як пражыць з паэзіі, Мартысевіч упэўнена адказвае: «Ніяк».

«Проста ня трэба ставіцца да гэтага як да прафесіі, вось і ўсё. — упэўнена Марыя. — Я неяк прачытала ў артыкуле пра заможных людзей на адным з нашых парталаў: „Спачатку я хацеў стаць паэтам, потым зразумеў, што на гэта не пражыць, і пайшоў у IT“. Ня толькі паэзіяй, увогуле літаратурай зарабіць немагчыма, але як ні паглядзіш — столькі людзей усё адно ідуць у літаратуру! Чаму тады яны ідуць, калі ёю нельга зарабіць? Насамрэч, і з часам, і ў прынцыпе, ёсць пэўная катэгорыя людзей, якая разумее, што грошы — ня ўсё ў жыцці.

А сэнс такі: калі ты ідзеш натуральным шляхам, ты, можа быць, бядуеш, табой ня могуць ганарыцца бацькі, бо ты не набыў у свой час лядоўню, ці мікрахвалёўку, ці машыну, бо гэта істотна для пэўнай катэгорыі людзей, але з часам раптам высвятляецца, што ты можаш са шведзкімі каралямі ў адной залі засядаць. Калі хочаш».

Разважаючы пра сімвалічны капітал, які прыносіць пісьменства, а таксама пра вядомасць, Мартысевіч упэўненая: больш за ўсё вядомасці прынёс блог у ЖЖ. А ўлетку Марыі прыйшоў ліст з Асацыяцыі бібліятэк прэстыжнай «Лігі плюшчу»: яны хочуць заархіваваць і захаваць яе блог на сайце як здабытак беларускай літаратуры.

Хаця напачатку літаратурнага шляху Марыя здабыла ад блогу праблемы. Дакладней, праз тое, што рэкламавала там сваю новую кнігу.

«Тады шмат каго абурыла тое, што я піяру сваю кніжку праз ЖЖ, праз блог, лічылася гэта нясціплым, — распавядае Мартысевіч. — Лічылася, што пісьменнік — гэта такое, што ня какае, штосьці такое высакароднае, ён рэальна не есць і не павінен вытыркацца; ён павінен быць сціплым, карацей. І тое, што я напісала ў блогу, што я выдала кніжку, было недапушчальна. Але ў мяне тады была неабходнасць, бо я на 2/3 фінансавала кнігу сама і пазычыла грошы. І тады ў 2008 годзе людзі лічылі, што я павінна выдаць гэтыя кніжкі і проста іх раздаваць: „Ты ж пісьменнік!“ А калі з'явіліся краўдфандынгі, людзі сталі больш разумець механізм з'яўлення кнігі і чаму трэба заплаціць за яе. Адна мая сяброўка сказала, што я фактычна апярэдзіла час, таму што я рабіла краўдфандынгавыя захады, калі гэта яшчэ не было магчыма».

«Мы сёння выдаём кніжкі па схемах літаратараў Расейскай імперыі ХІХ стагоддзя»

Марыя распавядае, што мела адчуванне, нібыта краўдфандынг перажыў сябе. Але нават на апошні пераклад Курта Ванэгута за тыдзень сабралі амаль 85% усёй сумы. Усё ж гэта вельмі просты спосаб звесці разам людзей, якім патрэбна кніга, пісьменнікаў і выдаўцоў. І хаця ў Беларусі існуе каля 500 выдавецтваў (праўда, большасць зь іх выдала, бадай што, толькі па адной кнізе), платформы для камунікацыі ўсіх з усімі востра неабходныя кнігавыдавецкай справе.

«Мы сёння выдаём кніжкі па тых схемах, па якіх выдавалі літаратары ў Расейскай імперыі ў ХІХ стагоддзі, — расказвае Мартысевіч. — Адам Міцкевіч збіраў краўдфандынг на свае першыя два тамы паэзіі. Пры тым, што ён быў крутым аўтарам, яму выдавец сказаў: „Я цябе ня буду выдаваць, ты ніхто. Паэзія? У Варшаве, у Вільні няма паэтаў“. У выніку яны абвясцілі краўдфандынг і адбілі суму ўдвая большую, чым прасілі ў выдаўца. Пушкін па тых жа схемах выдаваўся: ён выдаваў „Анегіна“ ў раздроб, раздзеламі, але не таму, што ленаваўся цалкам дапісаць. Ён фактычна зрабіў сэрыял, і людзі чакалі працягу, і ён гэта вельмі дорага прадаваў».

На сваю «Сарматыю» Мартысевіч таксама краўдфандыла. Увесь шлях ад пачатку напісаньня кнігі да выдавецтва прайшоў падчас цяжарнасці малодшым сынам: яму Марыя прысьвяціла кнігу.

«З першай кнігай я адчувала, што з'яўленьне яе — гэта як нараджэнне дзіцяці, — кажа Марыя. — І ў прынцыпе, калі я нарадзіла дзяцей, гэтая мэтафара пацвердзілася. Гэта такі даволі важны акт для пісьменніка. І пісьменнікі за месяц да таго, як у іх выходзіць кніга, — гэта маладыя бацькі за месяц да таго, як у іх з'явіцца дзіця. Рэальна агрэсіўныя! Асабліва калі працуеш каля выдавецтва, то проста бачыш, як яны там ходзяць. У Паўла Касцюкевіча ёсць мэтафара, ён гэта называе „літаратар на нерасце“: у яго праз месяц будзе кніжка і ён гатовы зламаць друкарню, каб яна хутчэй выйшла».

«Апраналі сукенку, пад яе ці на яе кальчугу, ішлі на вайну»

Марыя сцьвярджае, што і сама не чакала, што напіша такую кніжку, як «Сарматыя». Кажа, натхненне прыйшло яшчэ ў 2013 годзе, пасля знаёмства са зборам тэкстаў пад рэдакцыяй Алены Гапавай «Жанчыны на краі Еўропы». А дакладней, з артыкулу пра жанчын-ваярак, якія, ваюючы і беручы ўдзел у палітыцы, не спрабавалі быць, як мужчыны, а толькі замянялі іх, калі тыя не маглі: апраналі сукенку, пад яе ці на яе кальчугу, і ішлі на вайну. І гэта не пра фэмінізм, а пра вымушаную гіперзадачнасьць, з якой фемінізм, наадварот, змагаецца. Але падобна, што такое сумяшчэнне функцыяў — спрадвечны лёс беларускіх жанчын.

«Апошні быў прыўкрасны выпадак пра тое, як, папрацаваўшы месяц ці два, звольніўся галоўны архітэктар Менску з асабістых прычынаў, — расказвае Марыя. — І там калі пачалі капаць журналісты, у чым прычына, чыноўнікі фактычна мусілі прызнацца, што надта шмат працы і адказнасці за надта маленькія грошы. І потым сказалі: „Мы цяпер шукаем новага галоўнага архітэктара Менску, імаверна, гэта будзе жанчына“. Сэнс такі: калі вы бачыце ў кіраўніцтве жанчыну, даволі часта гэта азначае вялікую адказнасць за маленькія грошы. І гэта ідзе з таго часу. Але пры гэтым я лічу, што ёсць і пазітыў, — жанчыны мелі больш голасу».

Апошняя зацікаўленасць Марыі — даследаваньне паэзіі хіп-хопу. У расейскім рэпе ўсё досыць кепска, лічыць яна. З рэдкімі выключэннямі, ён не будуецца на жыццёвым матэрыяле, як гэта мусіць быць у сапраўдным аўтэнтычным хіп-хопе. Няма і беларускамоўнага хіп-хопу.

«Але чаму няма беларускамоўнага хіп-хопу? — разважае Мартысевіч. — Таму што мы можам чытаць Багушэвіча, як рэп. Сама традыцыя беларускай літаратуры паўставала з грамадзянскага пафасу. ХІХ стагоддзе — тады проста непрыстойна было звяртацца да людзей ня ў рыфму, ня вершамі. Хіп-хоп вельмі прыродны для Беларусі. Сама па сабе беларуская паэзія вельмі трыбунная заўсёды была. І гэтага ня трэба саромецца. У нас паэзія нясе вельмі шмат кодаў, і ты ў вершах можаш больш сказаць чалавеку, чым калі ты напішаш філасофскі трактат альбо публіцыстычны артыкул. Я лічу, што паэзія — гэта ўнівэрсальная мова ў прынцыпе. Але для Беларусі гэта асноўная мова».


Радыё Свабода