Навіны

Алесь Разанаў каля хаты, дзе ён гадаваўся, у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна. Фота Алены Казловай


Нельга забыць

(развітальнае слова ад В. Жуковіча)

У вечнасць пайшоў зоркі наш волат духу Алесь Разанаў, знакавая постаць беларускае літаратуры, смелы наватар у космасе паэзіі і філасофскае думкі, няскораны, хоць і пакараны ў 1968-м як змагар за лепшую долю роднае мовы. Ён выступаў за выкладанне на філфаку ўніверсітэта профільных прадметаў па-беларуску і быў выключаны з БДУ.

Мы з ім пазнаёміліся ў Берасці, калі ён, вучань сельскае школы, энергічны і сімпатычны рослы хлопец у кірзавых ботах, прыязджаў з роднага Сяльца (Бярозаўшчына) пачытаць свае вершы ў творчым асяроддзі на літаратурным аб’яднанні знанага прафесара і крытыка Уладзіміра Андрэевіча Калесніка (пры рэдакцыі абласной газеты). Па вершах школьніка адчувалася: іх аўтара абміне хвароба ўласнага росту, якая здараецца з пачаткоўцамі. Нас, ягоных слухачоў, шмат што зачароўвала ў прадэкламаваных творах. Надта нязвычнымі, свежымі паўсталі яны. Невыпадкова рана з’явіліся ў газетах першыя публікацыі паэта – у 1961 годзе; яму тады споўнілася 14 гадоў.

Пазней сустракаліся мы даволі часта, калі Алесь, падтрыманы Максімам Танкам і Уладзімірам Калеснікам, працягваў і завяршаў універсітэцкую адукацыю ў горадзе над Бугам. Бываў зямляк няраз у маёй кватэры. Тады, у далёкім ужо 1968 годзе, я прысвяціў яму верш. У знак падтрымкі пасля выключэння з БДУ.

***

Алесю Разанаву

Няма гармоніі, дый годзе:

да чысціні ўсё ліпне бруд.

А Гулівера часта водзіць

за нос духоўны ліліпут.

Ля вернасці снуецца здрада,

пад маскай – чорная мана.

Таму цьмянее часта радасць

і прыпазняецца вясна.

А ты ўставай, адвагі поўны,

надзеі дзёрзка ўваскрасі

і неўтаймоўны дух бунтоўны

няўтомна

на алтар нясі.

Шчодра адораны ад прыроды, працаваў Алесь Разанаў актыўна, інтэнсіўна разгортваў свой талент, усё часцей друкаваўся ў перыёдыцы, выдаваў зборнікі, моцныя стваральнаю энергіяй паэта-мысляра, эксперыментатара. Інтэлектуальная беларуская прастора ўвачавідкі багацела з ягоным прыходам у літаратуру. «Адраджэнне» – так неардынарна быў названы паэтычны першынец Разанава, тады яшчэ студэнта (1970). Хай сабе тая кніжачка засведчыла, што яе аўтар выхоўваўся ў савецкай рэчаіснасці, але ў ёй змешчаны цудоўныя вершы: «Мова», «Паганіні», «Тамaза Кампанела», «Вытокі», «***Які запал!»… Далей ішлі прыкметна разняволеныя і ўскладнёныя (як зместам, так і жанрава) кнігі: «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях-360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988), «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Паляванне ў райскай даліне» (1996) ды іншыя. Побач з вершамі, мініяцюрамі, паэмамі, баладамі ягоныя кнігі засяляюць чыста разанаўскія жанры: версэты, вершаказы, зномы, пункціры… Галоўнае ж у тым, што як традыцыйныя, так і наватарскія творы паэта вызначаюцца гуманістычным зместам.

Я не мог не радавацца дасягненнямі і перамогамі Алеся Разанава, як не мог не разумець, што Разанаў – бязмежны, як далягляд, неабсяжны і невычэрпны, як акіян, і непераможны, як ісцівая праўда. Ён – лаўрэат Дзяржаўнае прэміі імя Янкі Купалы (1990, за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы»), лаўрэат прэміі імя Наталлі Арсенневай (па выніках конкурсу на лепшую кнігу паэзіі за 2017 год).

Люблю перачытваць кнігу «З апокрыфа ў канон» (з такім незвычайным аўтографам: «…чыё месцажыхарства між аблокаў і васількоў – Васілю Жуковічу. Алесь Разанаў 16.11.10»), асабліва – «Жыта і васілёк» (Слова пра Максіма Багдановіча). Пра яе можна сказаць: сэрца на далоні. Разанава сэрца, мудрае, мужнае, трапяткое. Тут ёсць узрушальныя праўдзівасцю і прароцтвам выказванні, як вось гэтае: «Людзі затапталі Хрыстовы сляды – і паміж планамі (прыродным, чалавечым і боскім) парушылася сувязь; людзі затапталі Хрыстовы сляды – і па затаптаных Хрыстовых слядах прыйшлі іншыя істоты, “гора” беларускага народа. Хто яны? Кажучы словамі нашага выдатнага паэта Пімена Панчанкі, гэта – клан, гэта – клас, гэта – гразь. Прыйшла гразь – і запэцкала прыгожы малюнак “Апокрыфа”. Яна запэцкала і пэцкае сёння нашу спадчыну, нашу культуру, нашу мову, нашу гісторыю». І яшчэ: «Ніхто так не прагне ўлады і не чапляецца за ўладу, як гразь: такая ў яе анталогія. Але ж не вечна доўжыцца гэтаму ганебнаму стану рэчаў, не вечна гразі панаваць, нават калі ашуканы і запалоханы ёю народ усё яшчэ лічыць, што яна ўдзень і ўначы рупіцца пра ягоны дабрабыт!.. Ды не будзе народ апраўданы толькі за тое, што ён народ, але на любым судзе будуць апраўданы тыя адважныя душы, што не пакрывілі сумленнем і не схіліліся перад уладай гразі».

Знакаміты арыгінальны паэт і эсэіст Разанаў стаўся й выдатным перакладчыкам, валодаючы рознымі мовамі. Нямецкую і літоўскую ведаў настолькі дасканала, што змог сам складаць вершы і па-літоўску, і па-нямецку. Рупіўся пра ўзбагачэнне беларускае літаратуры іншамоўнаю перакладною паэзіяй, паклапаціўся пра выданне анталогій грузінскае і літоўскае паэзіі па-беларуску, прывабіўшы і мяне такою адказнаю справаю. Алесь умеў пераконваць і дамаўляцца. Дзякуючы яму я пабываў і ў Тбілісі, і ў Ташкенце. Пасля ташкенцкага семінару выдаў у Менску кніжку перакладаў з старажытнаўзбекскае мовы выбраных твораў слыннага Алішэра Наваі.

 

Як натуральна пачыналася, так і доўжылася нашае сяброўства. Алесь адорваў мяне сваімі кнігамі з зычлівымі аўтографамі. На тытульнай старонцы першага зборнічка «Адраджэнне» 17 жніўня 1970-га паэт-юнак пажадаў мне, «каб цвёрда трымаўся на Зямлі і каб праз нейкі час крэмзаў аўтограф» яму. А ў студзені 1996 года ёмістую кнігу «Паляванне ў райскай даліне» падпісаў па-разанаўску арыгінальна: «Мінчуку, але ўсё роўна заўсёднаму берасцейцу…» У савецкі час бязбожжа з ягоных рук я атрымаў нечаканы, але жаданы падарунак – БІБЛІЮ.

Прысутнасць Разанава-лідара азначала ўплыў. Выдатна адчуваў ён, хто на што здатны. Пад ягоным уплывам, да прыкладу, Ніна Мацяш стварыла шэраг бліскучых паэтычных партрэтаў сваіх сучаснікаў, Анатоль Вярцінскі – некалькі казанняў.

 

Цяпер успамінаецца ўсё да драбніцаў, звязанае з асобаю авангарднага творцы, няўрымслівага чалавека, у тым ліку – сустрэчы, гамонкі, вандроўкі. Прыемна ўзгадаць, як мы з ім, А. Вярцінскім, В. Буландай не без прыгодаў дабіраліся ў Белаазёрск на паэтычныя чытанні ў гонар незабыўнае зямлячкі Ніны Мацяш. Алесь быў вельмі сутнасны і красамоўны прамоўца. Ягоныя прамовы ўспрымаліся як мастацкія творы. Не забудзецца і яго выступ на маёй юбілейнай вечарыне, дзе ён цытаваў мой верш «***Бяссонне…»

Аднаго разу Алесь даверыў мне свой сон: ён апрануў новую ільняную кашулю… Я тады сказаў: «Алеська, ты неўзабаве ажэнішся, і твая абраная будзе вельмі спрыяльная табе для жыцця». Так яно й сталася… Няхай бы, дружа, доўжылася і доўжылася тваё зямное жыццё, тваё шчасце ў сям’і і ў літаратуры! Ды лёс не перайначыш.

Калі сястра Алесева Люба ўгаворвала яго любымі сродкамі змагацца з няўмольнаю хваробай, ён суцяшаў яе: што хацеў, здзейсніў. Але, як сведчыць Любоў Сцяпанаўна, ён збіраўся, ды не паспеў, стварыць гісторыю Сяльца, сваёй немалой радзімы.

У журботны дзень развітання з Алесем 28 жніўня ў сталічным храме Пятра і Паўла, пасля прачулае беларускамоўнае паніхіды сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў, услед за старшынём СБП Барысам Пятровічам, пранікнёна выказвалі свае думкі пра вялікага, у чымсьці геніяльнага Алеся Разанава. Любоўю і цеплынёй былі прасякнутыя ўспаміны родных ды блізкіх пра выдатнага творцу і чалавека – за сталом памінальным, дзе пачаў шчырую, праніклівую гаворку блізкі сябра сям’і Зміцер Санько. Не без хвалявання Галіна Разанава, Алесева жонка, казала, якім высакародным, далікатным і мужным быў муж. Яшчэ распавяла яна, што Алесева маці ў 1968 годзе ў лісце да Максіма Танка пыталася, чым правініўся яе сын, і што класік адказаў ёй: «Ваш сын ні ў чым не вінаваты. Вы павінны ганарыцца такім сынам!»

Даражэнькі наш Паэце, дзякуй табе за ўсё незабыўнае! Няхай будзе лёгкім шлях у царства на нябёсах тваёй высокай, светлай душы!

Васіль Жуковіч


***

Jury Paciupa (fb, 26.08.2021, 18:55)

Памёр Алесь Разанаў (1947–2021)


Нараджаемся не для смерці,

Нараджаемся мы, каб жыць,

Ды страла нацэлена ў сэрца,

Праз вякі ўжо страла ляціць.

Гэтыя радкі Леаніда Якубовіча, які загінуў у 22 гады, амаль аднагодка Алеся Разанава, нібы ліст з таго свету аўтару зборніка «Вастрыё стралы».

Так, паэты не паміраюць… Але чалавек, крыніца вершаў, крыніца мудрасці, ужо ніколі не пацешыць нас сваімі новымі радкамі. Кім быў Алесь Разанаў? Для нашага пакалення ён быў Настаўнікам, для Беларусі ён быў знакавай Постаццю, для вечнасці – Паэтам. Мы ўсе вучыліся на ягоным «Шляху-360», на ягоным «Вастрыі стралы»… У кожнага з Разанавым было нешта асаблівае, асабістае і асабовае, у кожнага сваё, нават калі мы беглі ад яго, каб не стаць эпігонамі, мы вучыліся ў яго быць самымі сабою.

* * *

Для мяне Алесь Разанаў адкрыўся зборнікам «Шлях-360» (1981), на які я выпадкова натрапіў у кнігарні мястэчка Азёры, вярнуўшыся ў 1985 г. з войска. Дагэтуль я быў знаёмы з авангарднай паэзіяй, пераважна па хрэстаматыях, але пасля зборніка «Шлях-360» усе французскія авангардыстыя выглядалі яснымі і празрыстымі. Я проста не мог паверыць, што такі зборнік выйшаў у Менску, у СССР, дзе панавала тэорыя сацыялістычнага рэалізму. Я яго чытаў і перачытваў і не мог начытацца, у мяне ён уваходзіў цэлымі фразамі, якія потым адгукаліся ў маіх вершах. Тады я яшчэ не адважыўся пераймаць стыль Алеся Разанава, хіба толькі спрабаваў, але я быў зачараваны таямнічасцю і герметычнасцю кнігі, яе рацыянальнай архітэктонікай і ірацыянальным зместам, зачараваны сугестыяй і магіяй слоў. Уражваў нават партрэт паэта, мужны твар мага ці ваяра, тутэйшы і нетутэйшы, пранізлівыя вочы, дзіўнае падабенства з антычнымі выявамі, з прыхаднямі з космасу. Праўду кажу, часамі мяне наведвала дзіўнае пачуццё, што гэта чалавек з Марса, з Неба, аднекуль здалёк… Што ён валодае надзвычайнымі здольнасцямі і гэтыя здольнасці дазволілі яму не зважаць на агульнапрынятую эстэтыку. Я і пазней, распытваў, лавіў кожнае слова пра паэта і, калі аднаго разу пачуў, як яго бачылі ў бібліятэцы засяроджаным і нерухомым у медытацыі некалькі гадзін, я верыў, зноў і зноў пераконваўся, што гэта няземны чалавек.

Нарэшце, у верасні 1987 г., я наважыўся паехаць да Алеся Разанава, каб пазнаёміцца асабіста. Праз школьнага сябра, які вучыўся ў Менску ў РТІ, здабыў у даведцы хатні адрас і пайшоў у госці. Як цяпер помню, ішоў па вуліцы Веры Харужай, ішоў, як да бога, як да мага, як у дом чарадзея. Мінаў я – хлопец з правінцыі – касмічныя знакамітыя менскія кукурузіны, якія мяне толькі пераконвалі, што я іду да няпростага чалавека. Лічыў дамы, мінуў нейкі раўчук, як мне падалося, трапіў у шэраг хрушчовак, дзе і знайшоў кватэру паэта. Вядома, прыйшоў не папярэдзіўшы, не патэлефанаваўшы, мне і ў голаў тады не магло прыйсці, што культурныя людзі перш тэлефануюць. Дзверы адчыніла жонка, выбегла дзіця, потым выйшаў паэт і запрасіў мяне ў пакой. Гаварылі мы мо’ з гадзіну, мо’ менш, помню, я пытаўся, якія яго ўлюбёныя паэты, ён не назваў нікога, але працытаваў усходняга паэта, вылучаў не імёны, а асобныя вершы. Найболей мяне ўразілі словы пра паэзію, якая зношваецца, сціраецца і не захапляе «шасцерню часу», таму патрэбныя новыя словы, новыя формы. Гэта было не пра «актуальнасць», якою нам забівалі галовы, гэта было нешта іншае. Гэта было нават не пра час, а пра вечнасць.

Выйшаў я ад Алеся Разанава іншым чалавекам, хоць нічога асаблівага, калі глядзець цяперашнімі вачыма, ён мне не казаў. І, барані Божа, не крытыкаваў. Пабыўшы ў паэта, я зразумеў, што пісаць так, як я пісаў, нельга, а як – яшчэ не ведаў. Пэўны час я знаходзіўся пад уплывам Алеся Разанава, потым старанна пазбываўся ягонага ўплыву. Гэта быў бунт вучня супраць настаўніка.

***

Невялікі штрышок у паэтыку Алеся Разанава, проста дэталь. Пачну здалёк. Істотнае не толькі тое, што ёсць, але і тое, чаго няма. Часам бязбытнасць нечага больш істотная, чым бытнасць. Прыкладам, істотна не так тое, якія словы мы ўжываем, як тое, якіх НЕ ўжываем. Калі мы засмецім мову барбарызмамі, няўдалымі наватворамі, то ніякае багацце лексікі не ўратуе нас ад неахайнасці стылю, так і будзем хадзіць нехлямяжыя. (Таму я ніколі не ўжываю ні «вырашыць», ні «распавядаць», як і аўтары XIX ст.)

А. Разанаў (злева) – супрацоўнік аддзела крытыкі і літаратуразнаўства выдавецтва «Мастацкая літаратура». Фота 1982 г. адсюль

Пяціпавярховік па вул. В. Харужай, 46/1, дзе ў 1976–1991 гг. жыў Алесь Разанаў (фота В. Рубінчыка, 2020)

Калі ў Анатоля Сыса няма вершаў пра каханне (пра маці, пра жанчыну як з’яву быцця ёсць, а пра каханне – няма), то ў Алеся Разанава няма санетаў. Некалі ў анкеце часопіса «Крыніца» я прасіў яго напісаць санет, але ён так і не напісаў. І правільна зрабіў. Разанаў усім сваім паэтычным іством быў завостраны (зноў вастрыё стралы!), каб ствараць уласныя формы: версэты, пункціры, квантэмы, вершаказы… Для яго паўтарыць ужо знойдзенае не так цяжка было, як было б здрадай сабе самому. Ён спыняўся, калі не знаходзіў новага – істотнага (любіў ён гэтае слова). Ён умеў не толькі пісаць, але і маўчаць, як кожны праўдзівы паэт. Гэта ад яго я засвоіў правіла, што паэт не мусіць шмат пісаць, бо шматпісанне разбэшчвае, змушае паўтарацца, рабіць неабавязковае, а абавязковае – тапіць у неабавязковым. Што толькі куча друзу прырастае колькасцю, а літаратура – якасцю.



belisrael.info
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------