Памёр Алесь Масарэнка. Развітанне 24 верасня

На 82-м годзе адышоў у лепшы свет празаік Алесь Герасімавіч Масарэнка.

Развітанне з Алесем Масарэнкам адбудзецца сёння ў рытуальнай зале №1 Спецкамбіната КБА (вул. Альшэўскага, 12) з 15.00 да 17.00.

Алесь Герасімавіч Масарэнка нарадзіўся 12 красавіка 1938 года ў в. Ходарава Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Целяшоўскай сярэдняй школы (1956) працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкама камсамола, у 1957—1960 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1960 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з трэцяга курса перавёўся на вячэрняе аддзяленне і да заканчэння ўніверсітэта (1966) быў выхавацелем у школе-інтэрнаце № 13 у Мінску. Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела газеты «Чырвоная змена», інструктарам па прамысловым адлове рачнога бабра Літоўскага заацэнтра, літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Беларусь», адказным сакратаром часопіса «Полымя», у геадэзічнай экспедыцыі Забайкалля рабочым I разраду. З 1977 г. — рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць», з 1978 г. — сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм», у 1982—1985 гг. — загадчык аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1989 г. — літкансультант літаб'яднання «Крыніцы» пры штотыднёвіку «Чырвоная змена», у 1992—1998 гг. — галоўны рэдактар часопіса маладых літаратараў «Першацвет».

Літаратурную працу пачаў з вершаў. З апавяданнямі ў рэспубліканскім друку выступіў у 1962 г. Аўтар аповесці «На бабровых тонях» (1971), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Журавіны пад снегам» (1976), «Сонца майго дня» (1988), рамана «Баргузінскае лета» (1982). Пераклаў на беларускую мову аповесць бурацкага пісьменніка Б. Мунгонава(руск.) бел. «Чорны вецер» (1973).

Памёр 23 верасня 2019 года. 



Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выказвае шчырыя спачуванні сям'і, родным і блізкім, і ўсім чытачам Алеся Герасімавіча.


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"