Памёр Алесь Разанаў


Вялікае гора для ўсёй беларускай літаратуры: памёр Алесь Сцяпанавіч Разанаў. Паэт сышоў сёння ноччу, пасля цяжкай працяглай хваробы. Развітанне з Алесем Сцяпанавічам пройдзе 28 жніўня, a 12.30, у мінскім саборы св. Пятра і Паўла..

Алесь Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 г. у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і служачых. У 1966 г. скончыў Сялецкую сярэднюю школу Бярозаўскага раёна і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1969 г. перавёўся ў Берасцейскі педагагічны інстытут (скончыў у 1970). Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў вёсцы Кругель Камянецкага раёна, служыў у Савецкай Арміі. З 1972 г. у Менску - літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», бюлетэня «Родная прырода». У 1974-1986 гг. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1989 г. - віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра Саюза пісьменнікаў з 1972 г., неаднаразова быў сябрам Рады СБП

З вершамі ў друку выступіў у 1961 г. Аўтар кніг "Адраджэнне", "Каардынаты быцця", "Шлях-360", "Вастрыё стралы", "У горадзе валадарыць Рагвалод", "Паляванне ў райскай даліне", "Рэчаіснасць", "Лясная дарога", "Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць", "Дождж: возера ў акупунктуры", "З апокрыфа ў канон", "Маем найбольшае самі", кніг перастварэнняў беларускіх аўтараў Сярэднявечча і Рэнесансу, паэзіі Веліміра Хлебнікава, п'ес Уільяма Шэкспіра, Казіса Сая і многіх іншых кніг.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1990) за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы».



Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" глыбока перажываюць цяжкую страту. Імя Разанава ніколі не будзе забытае. Прыносім шчырыя спачуванні сям'і паэта, яго родным і блізкім.




Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"