Памёр Арсень Ліс. Развітанне адбудзецца 31 траўня

Памёр беларускі літаратуразнаўца, фалькларыст, гісторык Арсень Ліс.
«Памёр выдатны гісторык, сімвал гуманнасці і дабрыні, цудоўны чалавек Арсень Ліс. З пачуццём глыбокага жалю пішу гэту навіну. Мае спачуванні родным. Алёна, абдымаю цябе ў гэты момант смутку», — напісала ў сваім фэйсбуку Ніна Стужынская.
Развітанне з Арсенем Сяргеевічам адбудзецца 31 мая (чацвер) у мемарыяльнай залі на вул. Альшэўскага, 12. Час развітання 10.00--10.45 (удакладняецца). Пахаваны спадар Арсень будзе ў вёсцы Залессе Смаргонскага раёна.
Яму было 84 гады, некалькі гадоў таму перанёс рак, апошнім часам моцна хварэў.
Арсень Сяргеевіч Ліс нарадзіўся 4 лютага 1934 года ў Вётхаве (сёння Смаргонскі раён). Працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Даследаваў традыцыйную культуру беларусаў, літаратуру, гісторыю і перыядычны друк Заходняй Беларусі, жыццё і дзейнасць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры. Аўтар манаграфій «Браніслаў Тарашкевіч», «Мікола Шчакаціхін: хараство непазнанай зямлі», «Пётра Сергіевіч», «Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча», «Пякучай маланкі след: эцюды да партрэта мастака Горыда».