Памёр Барыс Клейн

На 92-ім годзе жыцця ў ЗША  памёр гісторык і грамадскі дзеяч Барыс Клейн. Як паведамляюць сваякі, ён памёр ад хваробы звязанай з наступствамі каронавіруса.

Барыс Клейн сябраваў з Васілём Быкавым і Аляксеем Карпюком, уваходзіў у "гарадзенскі трохкутнік" - нефармальны цэнтр інтэлектуальнай апазіцыі Гарадзеншчыны. Браў актыўны ўдзел у жыцці своеасаблівага апазіцыйнага клуба, што сфармаваўся ў доме-музеі Ажэшкі, дзе месцілася абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў. У гэты асяродак уваходзілі таксама Данута Бічэль, Аляксей Пяткевіч, асобныя студэнты і выкладчыкі Гарадзенскага ўніверсітэту. Сябры гуртка ладзілі сустрэчы, дыскусіі, чыталі і распаўсюджвалі самвыдат.

З сярэдзіны 60-ых Барыс Клейн разам з Карпюком і Быкавым трапляе пад пільную ўвагу КДБ. У 1969 старшыня КДБ Ю. Андропаў накіроўвае ў ЦК КПСС даклад аб "палітычна нездаровых" настроях беларускіх пісьменнікаў, якія "негатыўна" ўздзейнічаюць на моладзь. Сярод гэтых асобаў ўзгадваўся "яры антысаветчык і сіяніст" Барыс Клейн.

У 1972 годзе ВАК пазбавіў Барыса Клейна звання дацэнта і навуковай ступені кандыдата навук, забараніў займацца навуковай і выкладчыцкай дзейнасццю. Ступень вярнулі толькі ў 1979 годзе, але пільная увага і недавер уладаў заставаліся з апальным навукоўцам да канца існавання СССР.



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"