Памёр Фелікс Шкірманкоў

Сёння на 95-м годзе пайшоў з жыцця ветэран Другой сусветнай вайны, адзін з найстарэйшых сябраў БНФ, пісьменнік Фелікс Шкірманкоў. Прычына смерці — каранавірус.

Фелікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 году ў Прапойску, сёньняшнім Слаўгарадзе. Пятнаццацігадовым падлеткам стаў у шэрагі абаронцаў Айчыны. Пасля вайны доўгі час працаваў геолагам на Далёкім Усходзе. Яго вяртанне ў Беларусь супала з бурлівымі падзеямі распаду СССР. Землякі абралі Фелікса Шкірманкова старшынём Слаўгарадскага гарадскога савету народных дэпутатаў.

Стварыў раённую суполку Беларускага Народнага Фронту, сябрамі якой былі больш за 100 чалавек. Таксама быў заснавальнікам раённага камітэту «Дзеці Чарнобылю». Намаганнямі суполкі дзеці з чарнобыльскіх раёнаў выязджалі на аздараўленне за мяжу.

У траўні 2019 году на знак прызнання яго заслугаў у нацыянальным дэмакратычным руху Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла Фелікса Шкірманкова медалём да 100-годдзя БНР.

Фелікс Шкірманкоў — аўтар больш як 20 зборнікаў прозы і вершаў. У 1995 годзе выдаў кнігу з успамінамі ўдзельнікаў беларускай партызанкі. Іх збіраў больш за 20 гадоў.


Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" глыбока смуткуе з нагоды адыходу сябра нашай арганізацыі, найвыдатнейшага літаратара і грамадскага дзеяча Магілёўшчыны, і выказвае шчырыя спачуванні родным Фелікса Уладзіміравіча. 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"