Памёр краязнаўца Алесь Зайка

26 чэрвеня на 70-м годзе жыцця памёр педагог, краязнаўца, збіральнік народнай лексікі Алесь Зайка, паведамляе Радыё Рацыя. Ён жыў у вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна.
  
Кола яго навуковых зацікаўленняў улучала дыялекталогію, фразеалогію, парэміялогію, мікратапаніміку, фалькларыстыку і гісторыю сялібаў. Выдаў «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны» (2011), «Населеныя пункты Івацэвіччыны» (2012.), «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны» (2013), «Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прымаўкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны» (2015), а таксама кнігі кароткай прозы "Дым з коміна" (2011) і «Чысты чацвер» (2015).