Памёр Леанід Левановіч


Сумная навіна: памёр празаік, сябра нашай арганізацыі Леанід Кірэевіч Левановіч (14.09.1938 - 14.06.2021).

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў вёсцы Клеявічы Касцюковіцкага раёна. Скончыў Магілеўскае культасветвучылішча (1956). Працаваў ва ўстановах культуры Дзяржынскага і Касцюковіцкага раёнаў (1956-58). У 1957 паступіў на завочнае аддзяленне факультета журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў на Балтыйскім флоце (1958-61). Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянар і скончыў універсітэт у 1963. Працаваў у рэспубліканскіх газетах «Знамя юности», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва» (1963-71). У 1971-74 г. — рэдактар аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Нёман». З 1974 — адказны сакратар, з 1975 — рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». У 1980-82 г. — галоўны рэдактар літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. З 1984 — старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1975.

Друкаваўся з 1955 года. Кнігі нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973) пра вёску. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), зборніка публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987). Прататып аповесці «Валанцёр свабоды» (1983) Ф. Варанішча — удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У цыкле раманаў-хронік пра пасляваенную вёску «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), «Дзікая ружа» (1993), «Сіняе лета» (1998) імкненне паказаць народную душу, жыццястрйкасць беларускай нацыі, матывы дома і сям'і, працягу роду. Аўтар кнігі «Вяртанне ў радыяцыю» (1997).

Напісаў сцэнарый дакументальнага фільма «Дом майстроў» (пастаўлены ў 1973); аднаактовую п'есу «Ці любіце вы грэчку?» (1972), драму «Пасля разводу» (1980, пастаўлена на радыё ў 1981). Аўтар п'есы «Чабор» (1973, апубл. 1980), гераічнай хронікі «Павел і Хуаніта» (1974). За апошні зборнік Л. Левановічу ў 1999 г. была прысуджана Літаратурная прэмія імя I. Мележа.
У 2005 г. у свет выйшла яго кніжка "Усмешлівая Амерыка". У яе аўтар уключыў аповеды і эсэ, напісаныя пад уражаннем наведвання Амерыкі, Парыжа, якія важка дапаўняў "Бостанскі дзённік", а таксама апавяданні розных гадоў, эсэ пра выдатных беларусаў, цыкл аповесцей-былей, прысвечаных нашым землякам, якія жывуць за мяжой.

Творы Л. Левановіча перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, казахскую і таджыцкую мовы.

Да апошняга часу Леанід Кірэевіч жыў у вёсцы Пятрылава  ў Вілейскім раёне, займаўся пчалярствам.


Узнагароды

- Грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1998).
- Літаратурная прэмія імя Івана Мележа (1999).
- Прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры (2005).
- Дыплом ІІІ ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу "Лепшы твор 2009 года" за кнігу прозы "Палыновы вецер" (2009).
- Ганаровы грамадзянін Касцюковіцкага раёна.



Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" глыбока смуткуюць з прычыны сыходу выдатнага празаіка, сябра нашай арганізацыі Леаніда Кірэевіча Левановіча і выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім пісьменніка.


Развітанне з Леанідам Левановічам адбудзецца ў хаце пісьменніка ў вёсцы Пятрылава Вілейскага раёна а 12.00 заўтра, 16 чэрвеня. Пахаваны Леанід Левановіч будзе на могілках вёскі Забор'е а 13.00.





Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"