Памёр Міхась Даніленка

Міхась Даніленка, фота Алега Белавусава, gp.by

Сумная навiна з Гомельшчыны: не стала найстарэйшага сябра нашай арганiзацыi Мixacя Пятровiча Данiленкi...

Міхась Пятровіч Даніленка нарадзіўся 28 кастрычніка 1922 года ў в. Ястрабка Лоеўскага раёна ў сялянскай сям'і. Скончыў Рэчыцкае педагагічнае вучылішча (1941), быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў на Паўднёва-Заходнім фронце, у маі 1942, непадалёку ад станцыі Мікалаеўка (Украіна), быў кантужаны і трапіў у палон. У сакавіку 1944 уцёк з лагера ваеннапалонных, з жніўня 1945 года зноў у дзеючым войску. Працаваў настаўнікам Казярожскай 7-гадовай школы Лоеўскага раёна. Скончыў завочна Гомельскі педагагічны інстытут (1952). У 1952-1982 - супрацоўнік газеты «Гомельская праўда». З 1983 жыў ў в. Багатая Града Лоеўскага раёна. Сябра Саюза пісьменнікаў з 1950 года.

Дэбютаваў апавяданнем у 1940-м годзе. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мая песня» (1952), «Майская навальніца» (1959), «Наваселле» (апавяданні і нарысы, 1964), «Наш дом» (1971), «Запаветны акіян» (1972), «Маці Мар'я» (1976), «Журлівіца» (1980), «Родная зямля» (1982); кніг прозы для дзяцей «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986).

Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Адзначаны дзвюма граматамі ВС БССР.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" глыбока смуткуюць з прычыны адыходу ў лепшы свет найстарэйшага сябра нашай арганізацыі Міхася Пятровіча Даніленкі і выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім гэтага выдатнага беларускага літаратара. Светлая памяць пра вас, Міхась Пятровіч, заўсёды будзе жыць у нашых сэрцах!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"