Памёр Павел Сцяцко

Павел Сцяцко, gs.by
Сумная навіна. Не стала доктара філалагічных навук, прафесара, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Паўла Сцяцко. 

Павел Сцяцко - аўтар звыш 500 навуковых прац. У іх ліку кнігі – “Народная лексіка” (1970), “Дыялектны слоўнік: (з гаворак Зэльвеншчыны)” (1970), “Беларускае народнае словаўтварэнне: афіксальныя назоўнікі” (1977), “Беларуская граматыка ”, Ч. 1, (1985, у сааўт.), “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” (1990, у сааўт.), “Пачатковы курс мовазнаўства” (1993), “Уводзіны ў мовазнаўства” (2001), “Культура мовы” (2002), “Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы” (2006) і многія іншыя. 

Імя даследчыка добра вядома не толькі на Беларусі, але і далёка за яе межамі. Вучоны прымаў удзел у рабоце IX Міжнароднага з’езда славістаў, у многіх міжнародных сімпозіумах і канферэнцыях. 

Зусім нядаўна, 5 сакавіка, доктару філалагічных навук, прафесару, выдатніку адукацыі Рэспублікі Беларусь, заснавальніку кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства ў Гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы Паўлу Сцяцко споўнілася 90 гадоў...

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выказваюць глыбокія спачуванні родным і блізкім спачылага Паўла Уладзіміравіча Сцяцко. Імя і выдатныя кнігі сапраўднага вучонага будуць жыць многія гады і будуць знаходзіць усё новых чытачоў сярод тых, хто хоча спазнаць багацце беларускай мовы, хоча служыць беларускаму слову.
 
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"