Памёр празаік Уладзімір Міхно
Дата публікацыі: 26.11.2019
3207

26 лістапада 2019 года ў в. Чэрцы Лепельскага раёна не стала празаіка Уладзіміра Міхно.
Уладзімір Фёдаравіч Міхно нарадзіўся 6 сакавіка 1964 года ў в. Чэрцы Лепельскага раёна. Скончыў Чэрскую васьмігодку, затым вучыўся ў Лепельскай СШ № 3. У 1986 скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў на Чашніччыне ў раённай газеце «Чырвоны прамень». З 1990 — у газеце «Чырвоная змена», з 1993 у «Настаўніцкай газеце», уласным карэспандэнтам па Віцебскай вобласці. Працаваў у газеце "Лепельскі Край". Выступаў у галіне прозы. У 1993 выйшла кніжка «Горкі зефір» у серыі "Бібліятэчка часопіса «Маладосць». У 1994 друкаваўся ў калектыўным зборніку «Карані». У 2008 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Першая кніга празаіка» выйшла аповесць «Азартныя гульні». З апавяданнямі выступаў у беларускім друку, на радыё. Сталы аўтар "Літаратурнай Беларусі" і часопіса "Дзеяслоў".
Памёр 26 лістапада 2019 года ў в. Чэрцы Лепельскага раёна.
Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" глыбока смуткуюць з прычыны заўчаснага адыходу Уладзіміра Фёдаравіча Міхно і выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім спачылага
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"