Памёр Пятро Васючэнка. Развітанне ў сераду а 13-й

Яшчэ адна жахлівая навіна: памёр Пятро Васільевіч Васючэнка, выдатны пісьменнік, крытык, сябра нашай Рады. Сёлета яму споўнілася толькі 60 год...

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выказваюць шчырыя спачуванні з прычыны раптоўнага сыходу Пятра Васільевіча Васючэнкі і смуткуе разам з вамі, дарагія родныя і блізкія спачылага! Памяць пра яго і ягоныя творы будзе жыць заўсёды.

Развітанне са спадаром Пятром Васючэнкам адбудзецца ў сераду а 13-й гадзіне ў зале крэматорыя на мінскіх Паўночных могілках. "Вялікі дзякуй за спачуванні. Мы будзем удзячны за жывыя кветкі - калі ласка, не прыносьце штучныя вянкі", піша дачка пісьменніка Марыля Васючэнка.

_____________

Пятро Васючэнка (15 лютага 1959, Полацк — 25 жніўня 2019, Мінск).

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1981), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ (1984). Кандыдат філалагічных навук (1983). У 1984—1997 працаваў малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ. З 1997 — загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Сябра Рады ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Аўтар літаратуразнаўчых манаграфій «Драматургія і час» (1991), «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994), «Пошукі страчанага дзяцінства» (1995), «Сучасная беларуская драматургія» (2000), «Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і сімвалізм» (2004), «Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён» (разам з Баршчэўскім і Тычынам).

Аўтар кніг прозы прозы «Белы мурашнік» (1993), «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» (1997), «Прыгоды аднаго губашлёпа» (1999), «Адлюстраванне першатвора» (2004), экалагічнай казкі «Каляровая затока» (2008), зборніка п’ес «Маленькі збраяносец» (1999), кнігі паэзіі «Піраміда Ліннея» (2008) і інш. Творы П. Васючэнкі перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую і чэшскую мовы.

Пастаноўкі на яго творы рабіліся ў сталічным Тэатры юнага гледача, маладзечанскім Тэатры лялек і іншых тэатрах краіны. Удзельнік навуковых канферэнцый і літаратурных фестываляў за мяжой (Беласток, Брно, Варшава, Кракаў, Люблін, Масква, Прэшаў і інш.).



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"