Памёр украінскі паэт Іван Драч — першы кіраўнік Народнага руху Ўкраіны, сябар Беларусі

У Кіеве на 82-м годзе жыцьця памёр Іван Драч — вядомы ўкраінскі паэт, перакладчык, кінасцэнарыст, драматург.

Іван Драч быў адным зь лідэраў Народнага руху Ўкраіны за перабудову — той арганізацыі, якая ў канцы 80-х гадоў заявіла пра сваё імкненьне да адраджэньня ўкраінскай незалежнасьці і нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Ён тройчы быў народным дэпутатам, старшынёй рады таварыства «Ўкраіна», узначальваў Украінскую ўсясьветную каардынацыйную раду і Кангрэс украінскай інтэлігенцыі. У 2006 годзе яму было прысвоена званьне Героя Ўкраіны.

«Іван Драч — годны сын свайго народу зь яго багатай і драматычнай гісторыяй, велічнай культурай, што самым спрыяльным чынам адбіваецца як на творчасьці паэта, так і на яго сьветапоглядзе», — пісаў пра ўкраінскага калегу Васіль Быкаў.

Іван Драч ва ўкраінскай студыі Радыё Свабода, 2016 год

Іван Драч ва ўкраінскай студыі Радыё Свабода, 2016 год

Іван Драч пад уражаньнем верша Максіма Багдановіча «Пагоня» напісаў свой верш «Літоўская Пагоня ад Максіма Багдановіча»:

Що мені в тих запінених конях?
Чом не гасне видіння жахне?!
Стародавньої Литви Погоня
І батожить, і смужить мене.
Чом мене? Я ж Вітчизни не зрадив,
Я ж не зрікся ні краплі Дніпра,
Це ж чому і чого вона ради
Мою совість в полон забира?!
Розпаношиться ніч петрівчана
Чадом розпачу й димом проклять —
З пекла ночі до сивого рана
Груди люто з Погоні болять.
Може, все, що мене обімшило, —
Лесті зашморг, достатку шлея?!
Тож мечем харалужним, не шилом
Бий мене, щоб отямився я.
Витни гидь мою, вижери жаром,
Прокопить, прогрими, протопчи —
Під твоїм громопадним ударом
Я здригаюсь і стогну вночі!
Є потреба нещадних очищень:
Прагнеш бути — буття розіпни.
А Погоня все ближче і ближче
Десь з безодні душі, з глибини.
Сива збруя. Запінені храпи.
Б’ють ломами копит вічний лід.
Це б коня мені, і на коня би,
І за ними, за ними б услід
Запропасти, пропасти в тих конях —
Сам себе хто й коли здожене?!
Стародавньої Литви Погоня
І батожить, і смужить мене...

Верш гэты на беларускую мову перакладў Рыгор Барадулін:

Што мне ў тых белаўсьпененых конях?
Што ж відзежа жахлівасьцю тне?!
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Гул дратуе і хмарыць мяне.

Я ж ня здрадзіў Бацькоўскаму Краю,
Не прадаў ні на кроплю Дняпра,
Дык чаму ж у палон забірае
Розум мой нейчай кары кара?!

Ноч Пятрова разьятрыць маланку
Чадам роспачы й дымам на скон,
Зь пекла ночы да сівага ранку
Ныюць грудзі ў пагоні, як звон!

Можа, ўсё, што мяне абамшыла —
Лёстак петлі, дастатку шляя?!
Дык мячом харалужным — ня шылам —
Бі мяне, каб ацяміўся я.

Вынішч нечысьць маю, выпаль жарам,
Скапыці, прагрымі, пратапчы,
Пад тваім грамападным ударам,
Я здрыгаюся ў стогне ўначы!

Ачышчэньняў надзея бажэе,
Прагнеш быць, дык быцьцё разапні.
А пагоня бліжэе, бліжэе
Дзесь з прадоньня душы, з глыбіні.

Храпы ў пене і срэбная збруя,
Б’юць ламы капытоў вечны лёд.
Мне б каня — і падацца хачу я
За Пагоняю сьледам наўзьлёт.

Запрапасьці, прапасьці ў тых конях —
Хто свой лёс на скаку абміне?!
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Гул дратуе й ратуе мяне...

Івана Драча пахаваюць у роднай вёсцы Цялежынцах на Кіеўшчыне.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, выказваючы спачуваньні ў сувязі са сьмерцю Івана Драча, назваў яго адным з найяскравых паэтаў кагорты шасьцідзесятнікаў.

Радыё Свабода