Памёр Уладзімір Папковіч


Прыйшла сумная вестка: не стала паэта і перакладчыка, педагога Уладзіміра Антонавіча Папковіча. Вось якое паведамленне пакінула сям'я пісьменніка:

"Дарагія сябры, з болем у сэрцы паведамляем, што сёння, 10 красавіка 2021 года, пайшоў з жыцця Уладзімір Антонавіч Папковіч, любы муж, клапатлівы тата і дзядуля, Паэт і Настаўнік...

Развітанне будзе адбывацца ў панядзелак, 12 красавіка ў Залі Развітанняў "СВЯЧА" па адрасе Віцебск, вул. Петруся Броўкі, 50/4 з 18.00 да 20.00. Просім не прыносіць вянкі. Дзякуй за ўвагу".

Папковіч Уладзімір нарадзіўся 25.03.1935 г. у вёсцы Дварэц Вілейскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1958), выкладаў у гэтым інстытуцё нямецкую мову (1958-1962). Працаваў інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды пры Савеце Міністраў БССР (1962-1963), старшым выкладчыкам кафедры замежных моў Менскай вышэйшай інжынерна-радыётэхнічнай навучальні (1963-1964), інжынерам-перакладчыкам аддзела тэхнічнай інфармацыі Менскага оптыка-механічнага завода. У 1966-1970 гг. настаўнічаў у школе №– 20 у Віцебску, у Віцебскім педінстытуце. Зноў працаваў інжынерам-перакладчыкам. З 1973 г. выкладчык нямецкай і ангельскай моў Віцебскага індустрыяльнага тэхнікума, з 1982 г. - старшы выкладчык Віцебскага педінстытута. Сябра СП СССР з 1981 г. У друку выступае з 1962 г. з вершамі і апавяданнямі. Аўтар зборнікаў вершаў «На досвітку» (1978), «Зерне» (1982), «Самы кароткі цень» (1988). На беларускую мову перакладае творы нямецкіх і польскіх паэтаў. У яго перакладзе выйшлі кнігі І.Р.Бехера «Вяртанне да сябе» (1988), Р.Крафта «Востраў без маяка» (1987), «Закаханы вандроўнік: Паэзія нямецкага рамантызму» (1989) і інш.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" глыбока смуткуе з прычыны сыходу Уладізміра Антонавіча Папковіча і прыносіць шчырыя спачуванні сям'і, сябрам, калегам, усім прыхільнікам таленту паэта.



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"