Памёр Уладзімір Сіўчыкаў. Развітанне 22 ліпеня


На 64-м годзе памёр літаратар і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў.  Развітанне з творцам пройдзе 22 ліпеня ў будынку менскага крэматорыя.

Як паведаміла Свабодзе Раіса Сіўчыкава, пазней іх дачка зробіць абвестку ў сацсетках наконт прычынаў смерці і магчымасці развітацца з нябожчыкам. Але вялікага скаплення людзей сям’я хацела б пазбегнуць, жалобная цырымонія ў менскім крэматорыі запланаваная ў вузкім коле, паведаміла svaboda.org.

Уладзімер Сіўчыкаў нарадзіўся 3 траўня 1958 году ў Жодзіне на Меншчыне. Пісьменнік, перакладчык, мастак, выдавец. Скончыў педагагічнае аддзяленне Менскай мастацкай вучэльні. Працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў Траянаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёну. Пасля службы ў войску быў мастаком-афарміцелем у Менскім палацы культуры і спорту чыгуначнікаў. У 1981 годзе паступіў на філалагічны факультэт БДУ, падчас вучобы праходзіў стажыроўку ў Тбіліскім дзяржаўным універсітэце, вывучаў грузінскую мову і літаратуру. Пасля атрымання дыплому працаваў рэдактарам аддзелу літаратуры і мастацтва, адказным сакратаром часопіса для дзяцей і падлеткаў «Бярозка». З 1990 году — прэзідэнт Беларускай асацыяцыі дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага раману, з 1994-га — дырэктар выдавецтва «Радыёла-плюс». З пачатку нулявых як індывідуальны прадпрымальнік займаўся ўласнай выдавецкай справай.

У друку выступаў з 1982 г. Аўтар кнігі вершаў «Адліга» (калектыўны зборнік «Лагодны прамень раніцы», 1988), адзін з аўтараў зборніка апавяданняў «Жнівеньскі праспект» (1988). Таксама аўтар кніг апавяданняў і п’ес «Гульня ў тастамант» (1992), кніг прозы «Лісты да брата» (1998), «Бювар» (2009), «Уладзевы гісторыі» (2015), кнігі паэзіі «Высакосны год» (2004), кніг вершаў дзецям «Кошык Велікодны» (2014), «Багоўка» (2018), слоўніка-даведніка «2000 русских, 2000 белорусских идиом…» (сумесна з А. Баярынай, 2006). Укладальнік (разам з А. Марачкіным) і адзін з аўтараў альбомаў «Жодзінцы. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова» (2008), а таксама «Рыцары Пагоні і Арла» (2010). Укладальнік зборнікаў дэтэктываў «Кінжал з крыламі» (1994) і «Карона Вітаўта Вялікага» (2004), анталогіі вершаў і песень пра каханне «Яна і Я» (разам з Р. Шастак, 2005), зборніка выбраных твораў Максіма Багдановіча «Інтымны дзённік» (2006), Рыгора Барадуліна «Руны Перуновы» (разам з А. Камоцкім, 2006), зборнікаў беларускіх казак, легенд, паданняў, песень «Залатая яблынька» (2013), «Сіняя Світа» (2015), «Зачараваны Замак» (2016) і інш. У перакладзе У. Сіўчыкава з грузінскай мовы на беларускую апублікаваны раман Н. Думбадзэ (руск.) бел. «Закон вечнасці» (1988), шэраг вершаў і паэм у «Анталогіі грузінскай паэзіі» ў 2 тамах (1989).

Выдаў у сваім выдавецтве шмат слоўнікаў і даведачнай літаратуры. 


Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", рэдакцыі "Дзеяслова" і "Літаратурнай Беларусі" выказваюць шчырыя спачуванні сям'і Уладзіміра Сіўчыкава, прыхільнікам яго таленту.