Памёр Янусь Малец

Янусь Малец


Што ж за часы такія... 15 красавіка не стала сябра нашай арганізацыі, паэта, аўтара кніг вершаваных пародый, сатыры і гумару, крытыка Януся Мальца. Іван Вільгельмавіч Малец нарадзіўся 8 лютага 1951 года ў вёсцы Хрыстова Пастаўскага раёна.

Пасля заканчэння васьмігодкі вучыўся ў Полацкім ГПТВ-66, працаваў на заводзе ў Віцебску, скончыў марскую школу ў горадзе Находка на Далёкім Усходзе. Служыў у войску ў Бірабіджане і ў сяле Князе-Валконскае пад Хабараўскам. Пасля службы скончыў завочна БДУ імя У. І. Леніна (1977-1983 гг.). Працаваў у літаратурным аддзеле часопіса “Вожык”, а таксама ў розных арганізацыях па рабочых спецыяльнасцях.

У 1992 годзе выйшла ягоная кніга гумарыстычных вершаў і пародый “Бедны конь”, а ў 1994 кніга гумару і сатыры “Трава ў вушах”. У 1995 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыў свет зборнік лірыкі “Родны мацярык”. У 2005 годзе ў выдавецтве “Тэхнапрынт” выйшаў зборнік лірыка-публіцыстычнай і гумара-сатырычнай паэзіі, літаратурных пародый “Намінальны людзель”, а ў 2006 годзе ў выдавецтве “Логвінаў” кніга гумару і сатыры на рускай мове “С ума сойти!”. Творы Януся Мальца змяшчаліся ў калектыўных зборніках “Лагодны промень раніцы”, “Асцюкі за каўняром”, “Анталогія беларускай пародыі”, “Анталогія беларускай эпіграмы”, “Краса і сіла”.

Быў сябрам ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" з 1994 года.

Светлая памяць...

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" глыбока смуткуюць з прычыны адыходу ў лепш свет вядомага паэта Януся Мальца і і выказваюць шчырыя спачуванні родным і сябрам, чытачам ягоных кніг. Светлая памяць пра Івана Вільгельмавіча заўсёды будзе ў нашых сэрцах...





Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"