Памёр Юрка Голуб

Сёння ўвечары 12 кастрычніка ў гарадзенскай лякарні №1 памер паэт Юрка Голуб.

Як паведаміў старшыня Гарадзенскай філіі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Валянцін Дубатоўка, які сябраваў і апекаваўся сп. Юркам, прычынай стаў інсульт.

Развітанне з пісьменнікам запланаванае на сераду 14 кастрычніка ў Каложскай царкве аб 11 гадзіне. Пахаванне адбудзецца на радзіме паэта ў Зэльве.

Сакаратарыят ГА "СБП" выказвае шчырыя спачуванні родным і сябрам Юркі Голуба.

Юрка Голуб нарадзіўся 20 кастрычніка 1947, в. Горна, Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці — беларускі празаік, паэт, журналіст. З 1978 — загадчык аддзела культуры абласной газеты «Гродзенская праўда», з 1979 — загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гродзенскага абласнога тэлебачання і радыё. Вядучы тэлепраграмы «Гродзеншчына літаратурная». Член СП СССР з 1971 г.

Друкавацца пачаў у раённым друку ў 1963, у рэспубліканскім — у 1965. Выдаў зборнікі паэзіі «Гром на зялёнае голле» (1969), «Дрэва навальніцы» (1973), «Векапомнае поле» (1976), «Помню пра цябе» (1983), «Сын небасхілу» (1989), «Поруч з дажджом» (2001), «Зажураны камень. Трыялеты» (2002), «Брама зімы» (2004) і «Багра» (2006). Вершы Юркі Голуба перакладзены на літоўскую (Е. Марцінкевічам), рускую (В. Шленскім, В. Чэкіным, І. Бурсавым, Н. Кіслікам, Л. Хауставым, Б. Пчалінцавым, І. Сяргеевым), украінскую (Л. Танюком, Г. Кочурам, Я. Брынцавым, С. Літвіным, М. Сінгаіўскім), польскую (Я. Леанчуком) мовы. На польскай мове у перакладзе Яна Леанчука ў 2006 г. выйшла кніга “З-над Нёманскіх старон”.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"