Паны на кніжным фестывалі

Новую кнігу Пятра Васючэнкі “Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” прэзентавалі ў прасторы ОК16 на фестывалі “Прадмова”.

Сустрэча прайшла ў вольным фармаце. Чытачы – лічы, мэтавая аўдыторыя, -- больш цікавіліся не самой кнігай, але пытаннем: як увогуле становяцца пісьменнікам? І як гэта – пісаць кнігі? Іх відавочна ўразіла, што ў Беларусі пісьменнік не займаецца адно ўласнай творчасцю, што гэта занятак “пасля працы”.

Цікавіліся, з чаго Пятро Васючэнка пачынаў. Ён распавёў пра дзіцячае захапленне біялогіяй, якое разбілася аб журналістыку (на журфаку не трэба здаваць хімію). Прачытаў пару рэчаў з ранняга (верш пра кароўку, напрыклад) і некалькі радкоў з “Піраміды Лінэя” – ранейшай сваёй кнігі.

Якая, між іншым, наўпрост звязаная з “Дзівосным летам паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”: вялікая частка рамана-казкі прысвечаная ўсё таму ж захапленню жыўнасцю. Пасля гэтай сустрэчы стала зразумела, з каго спісаны юны натураліст Макс, герой “Дзівоснага лета”. Рэцэнзент памыляўся – Джэральд Дарэл тут ні пры чым…

Нагадаем: “Дзівоснае лета…” – трэцяя частка прыгодаў Кубліцкага і Заблоцкага, паноў пацешных і высакародных. Упершыню яны з’явіліся яшчэ ў 1982 годзе, у п’есе “Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”, напісанай у суаўтарстве з Сяргеем Кавалёвым. Другая кніга – “Жылі-былі паны Кубліцкі і Заблоцкі” – стварался адным Пятром Васючэнкам і пабачыла свет у 2003 годзе як зборнік казачных аповесцяў.


Тэкст і фота: Наста Грышчук