Пенсія для пісьменніка

У шэрагах нашага Саюза маюцца сябры, якія добра памятаюць былую сістэму за часамі СССР: існавала цэнзура, але пісьменнікі выдаваліся стотысячнымі і мільённымі накладамі, пытанне аб іх статусе практычна не выклікала рознагалоссяў, быў адзіны саюз пісьменнікаў, размяркоўваліся пісьменніцкія лецішчы (і не толькі на Лысай гары). Занятак літаратурнай дзейнасцю, па сутнасці, складаў прафесійныя навыкі. Аўтар мог больш нідзе не працаваць і разлічваць на пенсію. Але з 1991 году ўжо прайшло даволі шмат часу і вырасла новае пакаленне пісьменнікаў, якое навучылася выжываць зараз.

Тэхнічны пісьменнік па сусветнай статыстыцы апынуўся на 60-м месцы ў рэйтынгу прафесій The Wall Street Journal. У краінах Еўропы і Амерыкі гэтая прафесія не толькі атрымала прызнанне, але і лічыцца прэстыжнай.

У Беларусі існуе прафесія “тэхнічны пісьменнік”, а пісьменніцкі стаж прызнаецца толькі пры наяўнасці адлічэнняў у пенсійны фонд. То бок, не важна прызначэнне самой працы: непасрэдна літаратар або літаратар, як хобі, пры асноўнай працы качагара, галоўнае для будучай пенсіі - ці адлічвае аўтар унёскі, якія іх колькасць і памер.


Пісьменнікі, паэты і іншыя літаратары з юрыдычнага пункту гледжання ўваходзяць у так званую “пачатковую групу № 2641” паводле Агульнадзяржаўнага Класіфікатара Рэспублікі Беларусь «Заняткі», зацверджанага Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад  24 ліпеня 2017 г. № 33.

У нарматыўным прававым акце ідзе гаворка  аб тым, што занятак “пісьменніка, паэта і іншых літаратараў” уключае ў сябе: складанне планаў, праводзянне даследаванняў і напісанне кніг, сцэнарыяў, раскадровак, п'ес, эсэ, гаворак, накіраванняў, спецыфікацый і іншых нежурналісцкіх артыкулаў (за выключэннем матэрыялаў для газет, часопісаў і іншых перыядычных выданняў) для публікацый або прэзентацый.

Такім чынам, маюцца юрыдычныя падставы выдзеліць асобную прафесію “пісьменнік” ці “паэт”, каб займацца ёю ўсё жыццё і нават атрымаць напрыканцы пенсію.

Пісьменнікі, паэты і іншыя літаратары адносяцца да катэгорыі творчых работнікаў. З 2016 года дадзеная катэгорыя была замацавана ў Кодэксе аб культуры Рэспублікі Беларусь ад  20 ліпеня 2016 г. № 413-З. Прынамсі, творчымі работнікамі прызнаюцца асобы, якія ажыццяўляюць творчую дзейнасць індывідуальна або ў калектыве:

  • самастойна, або на падставе працоўнага дагавора (кантракта) ці грамадзянска-прававога дагавора, або на падставе ўдзелу (членства) ці прыёму (запісу) (падпункт 1.1. п.1 артыкула 41 Кодэкса аб культуры);

  • на прафесійнай аснове (як правiла, у якасцi асноўнага занятку, што прыносiць даход) або непрафесійнай (аматарскай) аснове (як правiла, у якасці дадатковага занятку, што можа прыносіць даход) (падпункт 1.2. п.1 артыкула 41 Кодэкса аб культуры).

У Кодэксе аб культуры Рэспублікі Беларусь адсутнічае ўказанне на асаблівы рэжым пенсійнага забеспячэння творчых работнікаў. Ці будуць гэтыя людзі мець права на працоўную пенсію? З пазіцыі існуючага заканадаўства адказ відавочны і адназначны: калі такія работнікі будуць выплочваць адпаведныя ўнёскі у ФСАН, то так, маюць (гл. артыкул 51 Закона Рэспублікі Беларусь “О пенсионном обеспечении” № 1596-XII ад 17.04.1992 года).

Ужо не першы год у Беларусі актуальным застаецца пытанне аб неабходнасці паўнавартаснай пенсійнай рэформы. Сярод невырашальных праблемаў асноўная -- пастаяннае папаўненне Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (далей - ФСАН). Агучаны прапановы знізіць нагрузку для прадпрыемстваў па напаўненні ФСАН і ўвесці самастойнае пенсійнае накапляльнае страхаванне для работнікаў, у тым ліку абавязковае пенсійнае страхаванне, якое, напрыклад, у абавязковым парадку прадугледжана для спартсменаў ці кіроўцаў. Пры гэтым абцяжарваючым фонам для планавання пенйсійных пераменаў слугуюць шэраг дэвальвацый і вынікаючы з іх фінансавы нігілізм насельніцтва да банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь у прыватнасці і тэндэнцый развіцця фінансавых інструментаў беларускай эканомікі ў цэлым.

Цяперашні памер пенсій для насельніцтва невысокі. Каб забяспечыць грамадзянам годную пенсію на ўзроўні 40% ад заработнай платы, патрабуецца стварыць інструменты, якія б стымулявалі самастойныя назапашванні ў ФСАН або альтэрнатыўныя шляхі “набівання” фінансавай “падушкі”.


Гэта важна: на сённяшні момант у Беларусі цікавасць да самастойнага/альтэрнатыўнага пенсійнага страхавання досыць невялікая: такую паслугу прапануюць толькі дзве буйныя кампаніі. Аднак відавочна, што кожны павінен разлічваць не толькі на дапамогу дзяржавы ў сталым узросце заўтра, а разумна назапашваць сродкі ўжо сёння.


Пры налічэнні пенсіі ўлічваецца агульны працоўны стаж (колькасць адпрацаваных гадоў) і страхавы стаж (колькасць гадоў, адпрацаваных з выплатай узносаў у ФСАН). Для атрымання права на пенсію патрэбны страхавы стаж. Гады, адпрацаваныя з выплатай абавязковых страхавых узносаў у ФСАН, даюць права на атрыманне пенсіі па ўзросце, а ад агульнай колькасці афіцыйна адпрацаваных гадоў залежыць ейны памер.

У 2018 годзе права на працоўную пенсію па ўзросце прадастаўляецца па дасягненні жанчынамі ўзросту 56 гадоў, мужчынамі - 61 год і пры ўмове наяўнасці страхавога стажа працы, калі адбывалася выплата страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, працягласцю 16 гадоў 6 месяцаў. Да 2025 года мінімальная планка паступова падымецца да 20 гадоў. Такое павялічэнне на думку заканадаўцаў павінна прастымуляваць грамадзян да выплаты ўнёскаў у ФСАН, з якога і адбываецца выплата пенсій ужо зараз (прынцып салідарнасці пакаленняў) і пакрыць дыфецыт ФСАН, які зараз замяшчаецца са сродкаў бюджэту.

У выпадку працы па найму пенсійныя ўнёскі за пісьменніка выплочвае сам працадаўца (28% ад фонду заработнай платы +6% сацыяльнае страхаванне+ 1% ад заробку за самога работніка).


Гэта важна: плацяжы па пенсійным страхаванні не налічваюцца на заробак работнікаў-наймітаў са статусам інвалідаў I і II груп.


У выпадку, калі пісьменнік фактычна з’яўляецца творчым работнікам (у тым ліку, хто аказвае паслугі з афармленнем адпаведнай грамадзянска-прававой дамовы) і займаецца творчай працай, то для атрымання права на пенсію неабходна самастойна забяспечыць добраахвотную выплату абавязковых страхавых унёскаў у ФСАН у памеры 1113,00 беларускіх рублёў за год. Дадзеная сума абавязковых страхавых унёскаў у ФСАН з'яўляецца мінімальнай.

Творчы работнік сам вызначае памер свайго даходу за год, з якога ён будзе выплачваць унёсак. Аднак такі памер не павінен быць менш сумы мінімальных заробкаў за год. Такім чынам творчы работнік абавязаны выплаціць у ФСАН ўнёсак у памеры не менш за 35% ад сумы мінімальных заробкаў за год.


Гэта важна: прыбытак, з якога плаціцца ўнёсак у ФСАН, з'яўляецца падставай для вызначэння памеру пенсіі. Калі выпловачць унёскі, зыходзячы з мінімальнай зарплаты, памер пенсіі ў будучыні таксама будзе мінімальным. П а стане на жнівень 2018 года памер працоўнай пенсіі складае 181 рубель 94  капейкі, мінімальная пенсія па ўзросце - 49 рублёў 45 капеек, сярэдняя пенсія па ўзросце па краіне складае 374 рублёў 76 капеек.


Ўнёскі ў ФСАН за 2018 год павінны быць выплачаныя не пазней, чым 1 сакавіка 2019 года. Працэнтная стаўка абавязковых страхавых унёскаў для творчага  работніка (35%) складаецца з унёскаў сацыяльнага страхавання
у памеры 6% і ўнёскаў пенсійнага страхавання  у памеры 29%.

Па статыстыцы доля творчых работнікаў - добраахвотных плацельшчыкаў унёскаў ў ФСАН па стане на 2016-2017 гг. -  мізэрная, каля 30 чалавек на 122 тысячы “добраахвотнікаў”.

Выплаты ў ФСАН могуць прыдасца і пры наступленні пенсійнага ўзросту: пенсія можа стаць больш, калі на час працы адмовіцца ад яе атрымання.


Гэта важна: Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь падлічыла, што ў Беларусі жанчыны ў сярэднім атрымліваюць пенсію на працягу 25 гадоў, мужчыны - толькі 16 гадоў.


Згодна з артыкулам 23-1 Закона Рэспублікі Беларусь “О пенсионном обеспечении” № 1596-XII ад 17.04.1992 года, павелічэнне памеру прызначанай пенсіі прадугледжана толькі для пенсій па ўзросце за перыяды працы, а менавіта вядзенне творчай дзейнасці пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Дадзеная норма запатрабавана тымі, хто мае намер атрымліваць больш важкія пенсійныя выплаты ў той час, калі пенсія стане адзінай крыніцай сродкаў існавання.


Гэта важна: пад працай без атрымання дзяржаўнай пенсіі, якая дае права на павелічэнне пенсіі, маюцца на ўвазе перыяды работы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці, на працягу якіх праводзілася выплата абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт фонду згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні.

Пры працягу працы без атрымання дзяржаўнай пенсіі пасля прызначэння пенсіі па ўзросту на агульных падставах памер пенсіі па ўзросце павялічваецца на:

  • 6, 8, 10 і 12 працэнтаў заробку, з якога вылічваецца пенсія, - адпаведна за кожны поўны першы, другі, трэці і чацвёрты гады працы, на 14 працэнтаў такога заробку - за поўны пяты і кожны наступны год працы;

  • 1 працэнт заробку, з якога вылічваецца пенсія, - за кожныя поўныя два месяцы няпоўнага года працы.


Для афармлення пераходу на працу без атрымання дзяржаўнай пенсіі неабходна звярнуцца ў орган, які ажыццяўляе пенсійнае забеспячэнне, з адпаведнай заявай. Памер прыбаўкі да прызначанай пенсіі будзе залежаць ад працягласці перыяду працы без атрымання пенсіі.


Тыя, хто не будзе выплочваць унёскі у ФСАН, змогуць разлічваць толькі на сацыяльную пенсію. Яны выплачваюцца жанчынам з 60 гадоў, мужчынам з 65 гадоў у памеры 50% ад бюджэту пражытачнага мінімуму (па стане на жнівень 2018 года яна складае 106 рублёў 84 капеек) са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.


Гэта важна: паводле артыкула 100 Кодэкса аб сям'і Рэспублікі Беларусь, дзеці абавязаны клапаціцца пра бацькоў і аказваць ім дапамогу. Утрыманне непрацаздольных бацькоў, якія маюць патрэбу ў дапамозе,  з'яўляецца абавязкам іх паўналетніх працаздольных дзяцей.


Сярод прапановаў рэфармавання пенсійнай сістэмы Беларусі выдзяляецца асобны сацыяльны падатак замест унёскаў у дзяржаўны пазабюджэтны ФСАН. Аднак само па сабе змяненне спосабу ўнясення сродкаў у агульную пенсійную скарбонку праблемы ў пенсійнай сістэме не вырашыць.

Пенсійная сістэма мусіць развівацца ў сузлуччы дамінуючага сацыяльнага страхавання і салідарнага бюджэтнага фінансавання, калі пенсія стане рэальным камбінаваным вынікам, зыходзячым ад сумы ўнёскаў. Прадстаўляюцца неабходнымі дзяржаўныя гарантыі для пенсійных фондаў новых формаў, куды б працоўныя, у тым ліку і нашыя пісьменнікі, добраахвотна уносілі свае сродкі. Пры гэтым павінен выконвацца прынцып самастойнасці пры карыстанні сродкамі такога фонду.

Трэба сказаць, што страхавыя пенсійныя фонды, напрыклад як у Германіі, выступаюць у якасці інвестыцыйных: атрымліваюць даход ад укладання сродкаў, рызыкуючы пры гэтым. Для мінімізацыі рызык фондам кіруюць прадстаўнікі наймальнікаў, работнікаў і дзяржава.

У Беларусі за апошнія гады ў сферы ўдасканальвання пенсійнай сістэмы зроблены адзін рэфармацыйны крок: пенсійны ўзрост будзе паступова павялічаны на тры гады. Да 2022 года жанчыны будуць выходзіць на пенсію ў 58 гадоў, а мужчыны - у 63 гады.



Вольга Сямашка

Фота ад Pexels з крыніцы rawpixel.com

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"