Навіны

Пецярбургскае выданне кнігі Яна Баршчэўскага, 1844 г.


Даўней беларусы-ліцьвіны мелі багатую і разнастайную літаратуру. Пісьменнікі стваралі тады на некалькіх мовах: на агульнаеўрапейскай мове культуры і навукі — лаціне, на стараславянскай, якой карысталася праваслаўная царква. Але найбольш чытачоў мелі творы, напісаныя на дзяржаўнай беларускай мове, што была зразумелая кожнаму жыхару Вялікага Княства Літоўскага.

Аднак у выніку Люблінскай вуніі Княства з Польскім каралеўствам узмацніўся ўплыў польскай мовы. Урэшце яна стала дзяржаўнай моваю ўсёй Рэчы Паспалітай. Калі Беларусь-Літва патрапіла ў царскую імперыю, на змену польскай мове прыйшла расейская. Пасля паўстання 1863 года каланізатары забаранілі ўсялякі друк на беларускай мове. Яны не забылі, як гуртавала змагароў беларуская «Мужыцкая праўда».У тых умовах большасць пісьменнікаў краю мусіла пісаць і друкавацца па-польску. Між тым сярод майстроў прыгожага пісьменства мацнела думка, што дзеля будучай незалежнасці роднай зямлі трэба вяртацца да сваіх вытокаў і ствараць для народа на ягонай мове.

Песні з-над Нёмана і Дзвіны

У нашых аповедах вы не раз сустракалі імя ўдзельніка таварыстваў філаматаў і філарэтаў паэта Яна Чачота, сябра Адама Міцкевіча і рэдактара ягонай першай кнігі. Чачот пісаў і па-польску, і па-беларуску. Міцкевічу вельмі падабаліся менавіта творы на мове продкаў. Ведаючы гэта, Ян прысвяціў яму верш «Едзе міленькі Адам» і беларускамоўную п’есу, якая, на жаль, не захавалася.



У сваіх польскамоўных баладах «Наваградскі замак», «Калдычэўскі шчупак», «Падземны звон на горцы ў Пазяневічах», «Свіцязь» Чачот абапіраўся на беларускую гісторыю, народныя паданні і казкі. У «Спевах пра даўніх ліцьвінаў» ён апеў даўніну Вялікага Княства. Героямі гэтай вершаванай гісторыі Айчыны сталі Міндоўг, Гедзімін, Альгерд, Вітаўт, Давыд Гарадзенскі…

Найкаштоўнейшая для нас частка зробленага Янам Чачотам — шэсць зборнікаў пад агульнай назваю «Сялянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны». Там паэт-фалькларыст сабраў амаль тысячу народных песняў, прычым значную частку надрукаваў не ў перакладзе, а па-беларуску. У прадмове да выдання Чачот пісаў пра асаблівасці беларускай мовы і яе будучы правапіс, бо верыў, што «крывіцкая гаворка» мае вялікую будучыню.


Беларусь у фантастычных апавяданнях

Аўтар кнігі «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (якую параўноўваюць са славутай «Тысячай і адной ноччу») — выпускнік Полацкай акадэміі, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі.

Дзяцінства пісьменніка, народжанага ў сям’і вуніяцкага святара пры канцы XVIII стагоддзя, прайшло ў вёсцы Мурагі па-над возерам Нешчарда на Полаччыне.



У гады полацкага студэнцтва Янка склаў па-беларуску верш «Дзеванька». Ён быў прысвечаны каханай юнака — панне Максімавічанцы з Мурагоў і хутка стаў папулярнай у Прыдзвінні песняй. Яшчэ адзін беларускі верш Баршчэўскага «Гарэліца» часта дэкламавалі і ў шляхецкіх дварах, і ў сялянскіх хатах. Пра падзеі ў родных мясцінах у 1812 годзе Ян напісаў беларускае вершаванае апавяданне «Рабункі мужыкоў». У ім сяляне прыхільна сустракалі напалеонаўскую армію і дзялілі маёмасць ненавіснага гаспадара, што ўцёк разам з царскімі генераламі.

Закончыўшы Акадэмію, Ян Баршчэўскі пераехаў у Пецярбург. Выкладаў там грэцкую і лацінскую мовы, выдаваў разам з суайчыннікамі-беларусамі літаратурны альманах «Незабудка». Шмат дало яму знаёмства з Адамам Міцкевічам і ўкраінскім паэтам Тарасам Шаўчэнкам.

Выконваючы даручэнні марскога міністэрства, Баршчэўскі наведаў Фінляндыю, Вялікабрытанію, Францыю. Але штовясны ён браў у рукі кій, закідваў за плечы дарожную торбу і пешкі выпраўляўся з Пецярбурга на родную Полаччыну. Там збіраў паданні і легенды, казкі і аповеды пра заклятыя скарбы і ваўкалакаў, вужыную карону і цмока, што вылупіўся з пеўневага яйка, пра полацкіх алхімікаў-чарадзеяў і вядзьмарку Белую Сароку…

З тых запісаў і нарадзілася самая славутая кніга пісьменніка, надрукаваная ў 1844–1846 гадах у Пецярбурзе. Яе герой шляхціч Завальня жыве на беразе Нешчарды і заўсёды дае прытулак падарожнікам, просячы іх за гасціннасць разлічыцца цікавай гісторыяй з незвычайнымі прыгодамі. Ян Баршчэўскі выдаў свой твор па-польску, але ў кожным радку там гучыць Беларусь. Пісьменнік сваёй кнігаю сцвярджаў, што Беларусь — край з непаўторнай гісторыяй ды культурай і заслугоўвае лепшай долі.

Працягам «Шляхціча Завальні» стала казачна-філасофская аповесць «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта» (напісаная таксама па-польску). З яе можна даведацца пра гісторыю загадкавай механічнай галавы з музея Полацкай акадэміі. Галава гаварыла на безлічы моваў і ўражвала наведнікаў мудрымі адказамі на самыя складаныя пытанні.

Сёння кнігі Яна Баршчэўскага выдаюцца шматтысячнымі накладамі ў перакладах па-беларуску. Паводле іх здымаюцца кінафільмы і ставяцца спектаклі. Выкладчыкі і студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, што займаюцца ў колішніх будынках Акадэміі, мараць пра помнік аўтару «Шляхціча Завальні» ва ўніверсітэцкім двары.


«Зайграй, зайграй, хлопча малы!»

Шмат якія творы Яна Баршчэўскага ў ХІХ стагоддзі пашыраліся ў рукапісах. Адзін з іх перайначыў лёс іншага творцы — Паўлюка Багрыма.

Паўлюк вучыўся ў школе пры касцёле ў роднай вёсцы Крошын Наваградскага павета (цяпер яна ў Баранавіцкім раёне). Хлопчык захапляўся літаратурнымі заняткамі, асабліва паэзіяй. Спярша ён перапісваў у вучнёўскія сшыткі вершы старажытных аўтараў Гамера і Эзопа ды паэзію землякоў, а потым і сам стаў складаць вершы.

У 1818 годзе крошынскія прыгонныя сяляне выступілі супроць увядзення новых цяжкіх павіннасцяў. Шукаючы завадатараў бунту, царскія следчыя заявіліся і ў касцельную школу. Яны высветлілі, што вучань Багрым чытаў аднавяскоўцам са свайго сшытка «возмутительный» верш Яна Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў».

Злачынствам было названае і складанне Багрымам уласных вершаў, дзе юнак наракаў на паднявольную долю беларусаў. Багрыма прымусілі даць пісьмовую клятву, што такіх вершаў ён пад страхам цяжкага пакарання перапісваць, пісаць і чытаць ніколі не будзе. Настаўнікі спадзяваліся, што тым усё і абмяжуецца. Яны памыліліся: пятнаццацігадовага Паўлюка аддалі ў рэкруты.

З напісанага Багрымам да нас дайшоў усяго адзін верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…», але і ён сведчыць пра адметны талент аўтара.

Герой верша шкадуе, што ў дзяцінстве на яго не сеў кажан. Паводле народнага павер’я, той, на каго апусціцца гэтая істота, больш не вырасце і застанецца малым.

Багрыму пашчасціла вярнуцца з цяжкай салдацкай службы на радзіму. Ён працаваў у Крошыне кавалём і дасягнуў у кавальскім рамястве высокага мастацтва. У гэтым пераканаецца кожны, хто ўбачыць у Крошынскім касцёле створаную Паўлюком дзівосную свяцільню-жырандолю з жаўрукамі. Здаецца, што Паўлюк Багрым выкаваў адзін са сваіх вершаў.


Друкарня ў Лондане

Верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…» ўпершыню пабачыў свет у сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў невялікай лонданскай друкарні, будынак якой захаваўся да нашых дзён. Яе заснаваў паўстанец 1831 года Аляксандр Рыпінскі, што амаль трыццаць гадоў вымушана пражыў далёка ад родных мясцін. У брытанскай сталіцы колішні паручнік змагарскіх сілаў зрабіўся прызнаным фатографам і мастаком, ды галоўным ягоным захапленнем была літаратура.



Рыпінскі пісаў спачатку па-польску, але з дзяцінства, праведзенага на Віцебшчыне, ён ведаў і любіў беларускую мову. Жывучы адразу пасля паўстання ў Парыжы, ён напісаў і выдаў кнігу «Беларусь». Там ішла гаворка пра вусную народную паэзію, а яе творы былі ў кнізе надрукаваныя па-беларуску. Аляксандр Рыпінскі сцвярджаў, што «гэтая паэзія надзеленая чарадзейнай сілай і ў ёй хаваюцца невычэрпныя крыніцы мовы, на якой можна стварыць нацыянальную, вольную ад чужаземнай літаратуру».

Былы ваяр за свабоду і сам пачаў ствараць на роднай мове. У Лондане ён надрукаваў сваю дасціпную баладу «Нячысцік». Яе герой, селянін Мікіта, парушыў царкоўную забарону і закалоў парсючка на каўбасы не калі-небудзь, а ў хрысціянскі Вялікі пост. У выніку да Мікіты і завітаў узрадаваны нячысцік…

Аляксандр Рыпінскі разам з іншымі тагачаснымі пісьменнікамі карыстаўся не кірылічнымі літарамі, а лацінкай. Так выдаваў сваю «Мужыцкую праўду» і Каліноўскі. Беларуская лацінка мела датуль ужо доўгую гісторыю. На ёй, напрыклад, дайшла да нас старадаўняя «Хроніка Быхаўца». Заслугай Рыпінскага было тое, што ён адным з першых увёў ва ўжытак літару «Ў».

Калі з’явілася магчымасць, Аляксандр Рыпінскі прыехаў на радзіму. Жывучы пад наглядам паліцыі, ён пісаў гісторыю айчыннай літаратуры і дапамагаў маладым літаратарам, што таксама ўсвядомілі сябе беларусамі.


«Мроі пра каханне, славу і свабоду»

Жыхары царскай імперыі добра ведалі прымаўку: «У Расеі два праваднікі: язык — да Кіева, а пяро — да Шлісельбурга». Шлісельбург быў сінонімам слова «турма», бо ў Шлісельбургскай фартэцы трымалі самых небяспечных «дзяржаўных злачынцаў». Праўдзівасць гэтай прымаўкі пацвярджае лёс польска-беларускага пісьменніка Аляксандра Незабытоўскага.

Аднойчы ўначы ў 1847 годзе царскія служкі перахапілі на мяжы фурманку з незвычайнай кантрабандай — кнігамі ды рукапісамі. Раз-пораз у іх сустракалася імя абшарніка Незабытоўскага. Той напярэдадні вярнуўся ў імперыю з еўрапейскага падарожжа і накіроўваўся ў свой маёнтак Смалічы пад Нясвіжам. У канцылярыю віленскага генерал-губернатара паляцеў ліст аб тым, што захопленыя кнігі і паперы выкрываюць аўтара ў лютай нянавісці да ўрада і ў пошуках сродкаў узбунтаваць «Северо-Западный край», каб адарваць яго ад Расеі.

Вальнадумец апынуўся ў адзіночнай камеры віленскай турмы. Наглядчыкам сувора забаранілі размаўляць з вязнем, паведаміўшы, што ягонаму пяру належаць нейкія асабліва злачынныя «сочинения». Такімі палічылі сем выдадзеных Незабытоўскім у Вільні і Парыжы кніг. Асаблівую цікавасць у следчых выклікалі мемуары пра гераічныя і трагічныя падзеі 1831 года і раман «Мроі пра каханне, славу і свабоду». У рамане аўтар пісаў пра справядлівы лад, які ўсталюецца ў Літве-Беларусі, калі радзіма вызваліцца ад расейскай няволі.

Менавіта за гэтыя два творы царскае «правасуддзе» адмерала маладому пісьменніку, філосафу і гісторыку дваццаць гадоў сібірскай катаргі і пазбавіла Незабытоўскага шляхецкіх правоў. Адправіць у Сібір безнадзейна хворага на сухоты Незабытоўскага не паспелі. Увесну 1849-га Аляксандра пахавалі на турэмных могілках. Яму ішоў трыццаты год.

У нясвіжскай вёсцы Смалічы ў гонар пісьменніка-вальнадумца пастаўлены мемарыяльны знак. Адбылося гэта толькі ў 1990-я, калі Беларусь здабыла дзяржаўную незалежнасць.


Уладзімір Арлоў, "Літаратурная Беларусь"
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------