Пісьменніцкія юбілеі чэрвеня

Андрэй Антонаў (Андранік Антанян) нарадзіўся 8 чэрвеня 1974 годзе ў Дыліжане. Літаратар, перакладчык, фотамастак. З 1993 года жыве ў Вільні. Друкуецца на на старонках «Нашай Нівы», «Архэ», «Спадчыны».

Яўген Аляксандравіч Бяласін нарадзіўся 9 чэрвеня 1954 году ў в. Грынявічы Сьвіслацкага раёну Гарадзенскай вобласьці БССР. Скончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў (1975 год). Працаваў у Берасьцейскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце (1979—2001). Першы выкладчык факультэту замежных моваў Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1994). У 1990-я — 2000-я гады быў дырэктарам Берасьцейскай філіі Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага Цэнтру. У 2001 годзе атрымаў забарону на прафэсію. З гэтага часу самадзейны германіст, журналіст, літаратар. Перакладае таксама з ангельскай, польскай моваў і з розных моваў на нямецкую.

Алесь Сямёнавіч Яскевіч нарадзіўся 12 чэрвеня 1934 года ў в. Ушакі, Чэрыкаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацька загінуў на фронце ў 1944 г. Пасля гэтага маці з дзецьмі пераехала ў родную вёску Дабранку Слаўгарадскага раёна. Вучыўся ў Дабранскай пачатковай школе, Старынскай сямігодцы. У 1953 г. скончыў з сярэбраным медалём Слаўгарадскую СШ. Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі БДУ (1958) працаваў у Мінску літсупрацоўнікам шматтыражкі «На страже Октября» (1958—1961), вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы (1961—1964). З 1964 малодшы, з 1969 старшы, потым вядучы супрацоўнік сектара тэорыі гэтага інстытута. З 1992 доктар філалагічных навук. Сябра Саюза пісьменнікаў з 1966 года. З публіцыстычнымі артыкуламі і допісамі пачаў выступаць у друку ў 1957 г., з крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі ў 1958 г. Выступае ў перыядычным друку з праблемамі артыкуламі па пытаннях развіцця беларускай літаратуры. Распрацоўвае новыя эксперыментальныя падыходы ў даследаванні рытму паэзіі і прозы («Рытмічная арганізацыя мастацкага тэксту», 1991). Спецыялізуецца таксама ў галіне скарыназнаўства і біблеістыкі. Аўтар 20 манаграфіі і больш за 170 навуковых і навукова-метадычных публікацый.

Святлана Аркадзьеўна Варонік нарадзілася 12.06.1969 года ў в. Кастровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл., скончыла філфак Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна, аспірантуру, працуе выкладчыкам. Аўтар шматлікіх навуковых прац, артыкулаў у перыядычным друку, апавяданяў, вершаў, перакладае з украінскай і польскай моў.


Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць юбіляраў і зычаць моцнага здароўя, добрага настрою, натхнення на новыя кнігі!



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"