Правілы жыцця Уладзіміра Жылкі

Літаратурнае аб'яднаньне «Ўзвышша». Першы рад: Я.Пушча, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Чорны, З.Бядуля, К.Крапіва. Другі рад: М.Лужанін, С.Дарожны, А.Адамовіч, Т.Кляшторны, У.Жылка, В.Шашалевіч, П.Глебка.

27 траўня 1900 году нарадзіўся Ўладзімер Жылка. Лёс наканаваў яму, сыну простага селяніна зь вёскі Макашы пад Нясьвіжам, непрацяглае жыцьцё, але і несьмяротнасьць таксама.

Пясьняр беларускага Адраджэньня, Жылка жыў толькі дзеля дзьвюх рэчаў — Паэзіі і Радзімы. У яго быў шанец пазьбегнуць бальшавіцкіх рэпрэсіяў, пераехаць у Чыкага (ЗША) і стаць загадчыкам аддзелу Славянскай бібліятэкі, але ён абраў вяртаньне…

Палымяныя і ўвадначас ільдзіста-вытанчаныя, прыгожыя суладзьдзем формы і зьместу вершы Жылкі былі адлюстраваньнем — чыстым, нібыта лясное возера — ягонай далікатнай душы, гарачага сэрца, разьвітога розуму. Гісторык Мікола Ўлашчык згадваў, як адзін раз, седзячы каля вогнішча ў дарозе, пачалася гаворка, і Жылка загаварыў пра творчасьць Плятона. «Хто ў той час мог гаварыць пра гэта?!» — задаецца пытаньнем Улашчык.

У дзень 120-годзьдзя з дня нараджэньня Жылкі Свабода прапануе чытачам нізку разваг і думак паэта аб жыцьці грамадзтва, узятых зь яго прыватных лістоў, а таксама своеасаблівыя «правілы жыцьця» нашага клясыка.

Пра беларускую рэчаіснасьць

«На беларускай зямлі павінна быць беларуская кніга, бел. школа, бел. навука, бел. банкі, бел. каапэратыў, а найперш — беларуская сьвядомасьць. Чым болей будзе ў нашых руках такіх „рэальнасьцяў“, такіх „фактаў“, тым мы будзем мацней, і якія б перуны ні білі над нашымі галавамі, яны нас „не запужаюць“. Скажыце, ці ня праўда?»

Пра храм Хараства

«Я хачу сказаць, што маю права пісаць ня толькі ўра-патрыятычна-пралетарскія рэчы, але й заставацца ў самотным ціхім храме Хараства. Мой лятунак выдаць кніжку, ня больш 30–50 вершаў, выключна з матывамі каханьня, сьмерці, хараства, прыроды, мескіх тавэрнаў і падобнага, без адзінае рыфмы на «бедная старонка» і «гэй, наперад».

Пра Менск і Вільню

«І яшчэ — веру: зьдзейсьненьне сапраўднае сувэрэннасьці нашага народа, сапраўднае незалежнасьці адбудзецца толькі ў Вільні, ці… нідзе. Менск — этап у разьвіцьці і поступе нашае ідэі».

Пра стаўленьне да людзей

«Я вельмі лагодна адношуся да людзей і іх слабасьці, але ў наша сьвятое сьвятых — беларускую справу — мы ня мусім упускаць эўнухаў і ўсякую сволач».

***

«Я ніколі не згаджуся з подласьцю і брудам. А калі гэты бруд бачыш на сваім беларускім целе, то асабліва балюча».

Пра змагароў і правадыра

«Безумоўна абмылковым было б лічыць, што якая-небудзь справа грамадзкая супакоіцца на адной адзінцы, а ня ёсьць вынікам высілку пэўнага калектыву. Але ўсё ж, як у цягніку, каб ён разумна рухаўся, патрэбны машыністы, так і тут мусіць быць нехта падобны. І як кваліфікаванага старога, пэўнага сваіх сіл машыніста няможна замяніць кожным прафанам, так і ў грамадзкім, нацыянальным жыцьці сапраўднага правадыра не заменіш падстаўной асобай».

***

«Беларускае Адраджэньне перажывае крызіс, дзе ходзіць аб тое, ці быць нам нацыяй дужай і скансалідаванай, ці бясслаўна загінуць. У гэты час асабліва важна, каб у першых радах былі здольныя, загартаваныя змагары!»

Пра вершы і пракляцьце Паэзіі

«Паэзія робіцца пракляцьцем у маім жыцьці — яна ўладарна выказвае свае правы, тады калі трэба думаць аб кавалку чорствага хлеба, аб рэальных рэчах, тагды яна даймае цябе рытмамі і згукамі, якія далёкі ад „рэальнасьці“, як габэлена ад бруднай авечкі».

***

«Вершы таксама, як алькаголь, зацягваюць».

Пра шчырасьць, пакуты і прыстасаваньне

«Пачынаю думаць, што ўсё к лепшаму — боль і пакута лечаць і таксама вучаць».

***

«Трэба прыслужвацца, а гэтага ня ўмею, і трэба быць ура., а я беларус і хачу быць ім».

***

«Жыцьцё, на жаль, не ўкладаецца ў патрыятычна-сацыяльны мажор… ёсьць і іншыя танацыі, і часта-густа трагічныя. Беларуская літаратура ня мусіць іх баяцца, а я хачу быць чэсным паэтам, а ня пець, што «як пан кажа».

Пра камуністаў і беларускую справу

«Камуністы ў грунце варожы беларускай сялянскай стыхіі і нашай нацыянальнай ідэі. Усё, што робіцца ў Менску (а ня столькі той работы, як галасу), ёсьць ня ласка, а ўступка з бою. Жаданьне беларускіх камуністаў манапалізаваць беларускі рух — тактычны крок і досыць бязглузды, хоць Маскве гэта трэба».

***

«Беларуская справа на цьвёрдым грунце. Вядзецца вялікае змаганьне, асабліва з маскалямі».

Пра ўласную незапатрабаванасьць

«Ёсьць ганебнае ў маіх просьбах і паклонах на ўсе бакі. І ніколі ня чуў сябе такім самотным і непатрэбным. Самапачуцьцё, як пасьля доўгага піяцтва прачынаесься. І дзіўна, што ні рукі мае, ні каханьне не патрэбны майму народу, і сам я абузай, па-перш — сабе… Эх, ды што! Хоць адно — з бойкі зь лёсам нат пераможаны хачу выйсьці з гонарам, які і ёсьць варты перамогі. Аб гэтым усе малітвы мае».

Пра мову і народную творчасьць

«Ува ўсіх гэтых спробах [уласных паэтычных экспэрымэнтаў. — Заўв. аўт.] мяне ўражала адно: прыгоднасьць нашай мовы для перадачы чаго зажадаеш, яе рухавасьць і багацьце, хараство, сіла, мяккасьць, пявучасьць. і толькі сумна, што ведаеш яе ня гэтак, як бы хацеў. Павучыўся б чалавек ад нашых вясковых бабаў, ад нашых старых дзядоў, але… эх!»

***

«Беларусам, творачы, трэба палажыць як грунт для свае творчасьці народную творчасьць, але мы мусім прысвоіць сабе ўсе здабыткі сусьветнага пісьменства. Высшае хараство будзе ў умелым згарманізаваньні высокай культуры і тэхнікі [верша] разам з народным элемэнтам».

Пра неакуратнасьць у ліставаньні

«Маю многа хібаў і заганаў у сваім характары і адной зь іх, што ня ўмею быць акуратны ў перапісцы. За гэта мяне ўсе страшэнна лаюць, а я так і ня здолею палепшаць».

Пра сьмерць і права быць пахаваным у Беларусі

«Жыцьцё чым далей становіцца балейшай пакутай [Жылка хварэў на сухоты. — Заўв. аўт.]. А я маю „на тым боцы“ родных, бацьку і матку; жывуць у ціхім, зялёным засьценку. І хацеў бы „пад крыжам бацькоўскім сканаць“, — прыемней, калі блізкі зачыніць вочы, прыемней гнаіць родную зямлю, і любоў да яе, здаецца, дае ці можа даць права на гэта. Што ж, не аб гэтым калісь летуцелася, але ня жалюся».

«Інваліду ў літаральным значэньні, хацелася б мне спакою, і яшчэ большае жаданьне, каб косьці мае ляжалі поруч з бацькавымі на роднай зямлі. У лепшае і сьвятлейшае ў адносінах да сябе ня маю найменшай прычыны верыць: жыцьцё вельмі доўга і бяз жалю і не заставіла места аптымізму».

Пра ідэалёгію

«Мне здаецца, што мы мусім згадзіцца, што мы сялянскі народ, і таму адвесьці ў нашай ідэалёгіі паважнае месца кажуху і лапцям».

Пра Адраджэньне

«Сапраўды творчых асобаў вельмі мала, якія могуць упісаць свае імёны хоць нязначнымі, маленькімі, але сьветлымі літарамі ў вялікую кнігу Адраджэньня».

***

«Выхадны пункт маіх учынкаў, добрыя ці блудныя яны былі і ёсьць, было Адраджэньне. Адраджэнцам хачу застацца і надалей. Гэтулькі людзей і спадзяваньняў скрышыла жыцьцё, што баюся браць у падарожу з сабою найдрабнейшыя надзеі. Так ляпей — што будзе, тое будзе. Адраджэньне мае свае мэты і заданьні, а нас увесь час і ворагі і прыяцелі хацелі б бачыць як сілу слугуючую — вось прычына маіх трывог».

***

«Песьні Адраджэньня мусяць быць мужныя, каваныя, як сталь, і тэматычна бліжэйшымі да жыцьця. Ня трэба ні ўздыханьняў, ні напеўнасьці, ні беларускай сьлязьлівасьці. Мы — ваякі і мусім гэта ўцяміць».


Паводле Радыё Свабода