Прайшоў штогадовы літаратурны семінар «Бязмежжа»


У аграсядзібе Бора-Здруй прайшоў штогадовы літаратурны семінар «Бязмежжа». У праграме дакументальны фільм Міколы Ваўранюка «Канцэрт жыцця», прэзентацыя новых выданняў Саюза беларускіх пісьменнікаў з Ціханам Чарнякевічам, а таксама перакладаў на беларускую мову польскай набелісткі Вольгі Такарчук. Беларускую літаратуру з Падляшша прадстаўляюць Міхал Андрасюк, Ганна Кандрацюк, Міраслава Лукша, Віктар Стахвюк ды іншыя.

Мы спыталіся ў арганізатара падзеі, старшыні праўлення Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапы, ці варта аднавіць Беластоцкую філію згаданага Саюзу, якая існавала 80 гадоў таму. – Зараз ёсць магчымасць толькі ганаровага сяброўства ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Частка з нас ёсць ганаровымі сябрамі. Гэта добрая ідэя. З Ціханам Чарнякевічам гэтую справу абмяркуем.

Другі дзень „Бязмежжа” быў адметным шматлікімі аўтарскімі прэзентацыямі ў розных жанрах. З сваімі паэтычнымі і празаічнымі творамі, музычнымі інтэрпрэтацыямі, перакладамі, рэфлексіямі выступілі Ціхан Чарнякевіч, Ілля Сін, Ганна Кандрацюк, Яўген Вапа, Міра Лукша, Кася Сянкевіч, Віктар Стахвюк, Юры Плютовіч, Наталля Русецкая, Марына Шода, Андрэй Сцепанюк, Алесь Камоцкі, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч. Хедлайнерам вечару стаў Андрэй Хадановіч, які завяршаў літаратурныя чытанні вершамі і песнямі. Надзеі Артымовіч, як лаўрэатцы конкурсу імя Наталлі Арсеньневай былі падораныя кветкі.

– Мерапрыемства з’яўляецца нагодай, каб падвесці вынікі беларускай літаратуры за мінулы год, кажа прэс-сакратар Саюза беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч: – Мы з удзячнасцю заўсёды прымаем запрашэнне нашых сяброў з Радыё Рацыя, з Саюза беларусаў у Польшчы, з “Нівы” Яўгена Вапы прыехаць. Тут практычна падводзім штогод нашыя літаратурныя вынікі. Што ў нас было зроблена, якія самыя яркія падзеі адбыліся, якія выйшлі найбольш файныя кніжкі.

Адной з тэмаў, якую закранулі літаратары падчас паседжанняў „Бязмежжа”, з’яўляецца творчасць Надзеі Артымовіч і Міхася Андрасюка. На думку прафесара Юры Плютовіча, Андрасюк – пераемнік Сакрата Яновіча. 

22 снежня дэлегацыя Саюза беларускіх пісьменнікаў паўдзельнічала ў цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы “Дэбют”.



Беларускае Радыё Рацыя