Прэмія Шэрмана абвяшчае новы сезон

Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Карласа Шэрмана. Прэмія ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову.

Сёлета будуць вызначаны лаўрэаты ў трох намінацыях: “Пераклад прозы”, “Пераклад паэзіі”, “Пераклад дзіцячай кнігі”. Пераможца ў кожнай намінацыі атрымае грашовы прыз у 1500 даляраў у эквіваленце.

Удзельнічаць у конкурсе могуць пераклады мастацкіх кніг на беларускую мову, выдадзеныя ўпершыню ў папяровым або электронным варыянце ў 2019 годзе. Пераможцу вызначаць прафесійныя перакладчыкі і літаратуразнаўцы, склад журы будзе абвешчаны неўзабаве.

Каб падаць заяўку, запоўніце форму, электронную версію і вокладку (jpeg) выдання дашліце на konkurs.pierakladau@gmail.com з пазнакай у тэме “Імя і прозвішча перакладчыка, назва кнігі”. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, папяровыя асобнікі (у колькасці ад 2 да 5 кніг) трэба перадаць у Беларускі ПЭН-цэнтр (адрас: вул. Залатая горка, 2, 101, кожную сераду з 10.00 да 19.00, дамовіцца на сустрэчу і атрымаць код ад дамафона можна па тэлефоне +37544 7994047).

Калі падача электроннага варыянта перакладзенай кнігі немагчымая, намінатар павінен прадаставіць не менш за 4 папяровыя асобнікі кнігі. 

Падрабязней з умовамі прэміі можна пазнаёміцца, прачытаўшы яе статут і рэгламент .

Заяўкі прымаюцца да 20 траўня (уключна).

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр , Саюз беларускіх пісьменнікаў  і Дабрачынны фонд “Вяртанне”

У 2019 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Сяргей Шупа за пераклад кнігі “Панядзелак” Мойшэ Кульбака, Антон Францішак Брыль за пераклад вершаў Марка Валерыя Марцыяла і Надзея Кандрусевіч за пераклад кнігі “Ёрдзіс” Юі Вісландэр.

Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас: konkurs.pierakladau@gmail.com.


Паводле арганізатараў