Прэзентацыі “Новага замка” і “Ятранкі” на Дзятлаўшчыне


Два літаратурныя альманахі прэзентавалі сябры Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў на Дзятлаўшчыне. Прэзентацыі альманахаў “Новы замак” і “Ятранка” адбыліся ў Гезгалаўскай сельскай бібліятэцы і Дзятлаўскай раённай бібліятэцы.

Прэзентаваць альманахі прыехалі кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў з Гародні Янка Трацяк, пісьменнікі Уладзімір Хільмановіч, Сяргей Чыгрын, Мечыслаў Курыловіч. Да іх далучыліся ў Дзятлаве аўтары альманаху “Ятранка” Алена Абрамчык, Міхаіл Лук’янчык, Вера Хрышчановіч, Дзмітрый Кузьма і Валерый Петрыкевіч.

Дарэчы, арганізатарам гэтых сустрэч быў дзятлаўскі грамадскі актывіст, краязнавец і проста цудоўны чалавек Валерый Петрыкевіч. Падчас сустрэч гучалі вершы, гумар, розныя прапановы і пажаданні, а таксама песні. Радавалі сваім выступленнем дзятлаўскія прыгажуні з ансамбля народнай песні “Ятранка” і бард з Ліды Сяргей Чарняк. Спадар Чарняк спяваў песні на словы дзятлаўскіх літаратараў, а таксама выконваў своеасаблівы гімн вёскі Зачэпічы, дзе штогод адбываецца Гарадзенскае абласное свята паэзіі.




Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён