Прэзентацыя альманаха “Палац” прайшла ў Гомелі

Фота Анатоля Бароўскага

Прэзентацыю чарговага літаратурна-мастацкага Альманаху № 6 “Палац” – выданне Гомельскай абласной пісьменніцкай арганізацыі СБП, якое ўзначальвае Анатоль Бароўскі, вырашылі правесці ў абласным Цэнтры беларускай мовы. Сёння старшынёй абласнога ТБМ імя Францішка Скарыны з’яўляецца Алеся Аўласевіч.

pal850.jpg
Алеся Аўласевіч і Генадзь Лапацін

Чарговы нумар, як і папярэднія, разнастайны па тэматыцы і па рубрыках – “Паэзія і проза”, пераклады і “Зямля і людзі”, “З гісторыі Гомельшчыны”, “Спадчына”,”Успаміны”, “Мовазнаўства, дзіцячы цыкл “Пачытай, матуля”. Да 100-годдзя БНР Валянціна Лебедзева прадставіла свой артыкул “Шлях да незалежнасці: Гомельшчына ў падзеях і асобах нацыянальнага руху 1917-1920 гадоў. Пастаянна прысутнічае рубрыка “Пабрацімства” – свае творы прадстаўляюць чарнігаўскія творцы, у арыгінале.

pal6.jpg
Міхась Арцем'еў і Стася Кацюргіна

Значным раздзелам на гэты раз з’явіўся блок “Агмень запальвае зьнічкі”, прысвечаны Святу паэзіі на радзіме Анатоля Сыса – у Гарошкаве. Свята ладзіцца кожны год, і прыязджаюць на яго творцы з Украіны і Польшчы, Мінску і Мазыра, выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, дзе вучыўся Анатоль Сыс.

pal9.jpg
Анатоль Бароўскі

На прэзентацыі выступалі аўтары альманаху – літаратары Міхась Арцем’еў, Яніна Цімашэня, Анастасія Дарошчанка, Стася Кацюргіна, Анатоль Бароўскі, Генадзь Лапацін і Юльяна Пятрэнка. Кожны з іх прачытаў свае вершы, падзяліўся ўражаннямі ад творчай імпрэзы. Юльяна Пятрэнка падзялілася сваімі думкамі пра сённяшнюю літаратуру, раскрыла таямніцы сваёй творчасці ў прозе. З Шацілак (Светлагорску) на прэзентацыю прыехаў Вадзім Болбач. Ён прачытаў свае пераклады – паэзіі Іосіфа Бродскага і Адама Міцкевіча “Прыяцелям маскалям”. А ў канцы імпрэзы ён прачытаў удзельнікам сустрэчы гумарыстычныя “Шацілкаўскія байкі”.



Гомельская абласная філія СБП