Прэзентацыя новых кніг серыі “Пункт адліку” – 28 лютага

28 лютага ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца вечарына-прэзентацыя новых кніг выдавецкай серыі “Пункт адліку”.

Гэтай зімой у серыі “Пункт адліку” выйшла адразу 5 кніг мастацкай прозы выпускнікоў і выпускніц другога курсу Школы маладога пісьменніка – нефармальнага адукацыйнага праекту ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Зборы апавяданняў і аповесці былі напісаныя і падрыхтаваныя пры чынным удзеле выкладчыц Школы маладога пісьменніка Ганны Бутырчык, Наталлі Паваляевай і Людмілы Рублеўскай, якія сталіся рэдактаркамі гэтых кніг.

Выданні, якія будуць прадстаўленыя на вечарыне:


Стэфан Корф “Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага. Містычная аповесць у шасцідзесяці трох днях”

1794 год. Дывізія Серакоўскага пераходзіць мяжу Вялікага Княства Літоўскага пад Бярэсцем. Малады шляхціч Ян Ліпініч, што служыць у 1-м палку ўланаў надворных, ідзе на вайну, як на свята. Ён імкнецца хутчэй трапіць у бойку, секчы ворагаў у гонар Радзімы, перамагчы ці пакласці галаву. Але хутка Янка разумее, што прыйдзецца змагацца не толькі супраць людзей, шабля сустрэнецца з кіпцюрамі ды дрэвам і свет таемных пачвар захопіць чалавека. Містычная аповесць прапануе чытачу апынуцца ў шасцідзесяці трох днях, поўных чараўніцтва, вайны ды святаў, істот з балот ды старых багоў лесу, шляхецкай годнасці і адной маленькай таксы.


Зборнік апавяданняў Дар’і Трайдэн “Крыштальная ноч”

"Крыштальная ноч" — гэта вянок, сплецены з гісторый пра крохкасць, прыгажосць, Беларусь і смерць. Вобраз крышталю сустракаецца ў кожным аповедзе. Крышталь грае ад месячных промняў, адбівае святло, асвятляючы ці, наадварот, дазваляючы ўбачыць патаемнае, прыхаванае, інтымнае.

 

Зборнік навэл Аляксандра Веледзімовіча “Залаты час, альбо Займальныя прыгоды Шуры Пераплётава ў ваколіцах горада Віцебска, праўдзіва прыдуманыя пад уздзеяннем трох музаў і аднага расповеду таямнічай здані, а часам падгледжаныя з вышыні птушынага палёту”.

Аўтар сплятае гістарычныя факты з гарадскімі міфамі і літаратурнымі цытатамі. Шляхецкія забабоны, войны, падпольны рок-н-рол і паездкі на лятучым трамваі ператвараюцца ў новыя легенды пра горад на беразе Заходняй Дзвіны.

 

Аповесць Вольгі Юдзінай (Вольгі Ткачэнка) “Тараканы”

«У вас ёсць тараканы? Не-не, не ў кватэры. У галаве. Вы добра з імі знаёмыя? Можа, у вас нават атрымалася пасябраваць? Калі так, вы – малайчына, бо шмат папрацавалі з самім сабой. А цяпер уявіце, што замест уласных тараканаў вы пачалі бачыць тараканаў іншых людзей. Вы зможаце жыць звычайным жыццём ці звар'яцееце? Чытайце адну з версій развіцця падзей у абсурдна-фантастычнай аповесці «Тараканы».

 

Аповесць Кацярыны Захарэвіч ”Час Вогненнага Птушкалова”

Пятнаццацігадовая Бася не ўяўляла, хто яна такая, пакуль у дзверы іх з мамай хаты не пастукаліся жаўнеры князя Свету. Яны вышукваюць адметных — расу, якую чамусьці вельмі не любяць звычайныя людзі. Схавацца ад пераследу можна толькі ў паселішчы сярод глухога лесу за непаслухмянай Хітрай ракой. Як толькі Бася зачыняе дзверы хаты, шляху назад для яе не застаецца...

Падчас прэзентацыі адбудуцца выступы супрацоўнікаў і выкладчыц Школы маладога пісьменніка, чытанні і адказы аўтараў і аўтарак новых дэбютных кніг “Пункта адліку”.

Лакацыя: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (Мінск, Траецкае прадмесце, вул. Багдановіча, 7а)

Пачатак а 18.00

Уваход вольны!

 

“Пункт адліку”, серыя дэбютных кніг, заснаваная ў 2012 годзе як падсерыя Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. Кнігі “Пункта адліку” выходзілі ў выдавецтвах“Кнігазбор” і “Логвінаў”.

 

 

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”